Бурсевіч Максім Тарасавіч (1890)

Крыніца: Радыё Рацыя
  • Дата нараджэння: 1890 г.
  • Імя па-руску: Бурсевич Максим Тарасович
  • Месца нараджэння: Гродзенская губ., Слонімскі павет, в. Чэмеpы
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Сацыяльнае паходжанне: сялянскае
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: Член прэзідыюма Дзяржплана БССР
  • Месца пражывання: БССР, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, д. 20, кв. 1
  • Дата расстрэлу: 3 лiстапад 1937 г.
  • Месца смерці: Карэла-Фінская АССР, Сандармох (Карэлія, Мядзвеж'ягорскі раён)
  • Дата арышту: 21 жнiвень 1933 г.
  • Абвінавачанне: Член контррэвалюцыйнай арганізацыі "Беларускі нацыянальны цэнтр"
  • Дата асуджэння: 9 студзень 1934 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Калегія АДПУ
  • Артыкул: 58-4; 58-6; 58-11 КК РСФСР
  • Прысуд: ВМП (заменена на 10 гадоў ППЛ)
  • Месца адбывання: Салаўкі, Беламора-Балтыйскі лагер
  • Дата рэабілітацыі: 18 красавiк 1956 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі

  • Дата асуджэння: 9 кастрычнiк 1937 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Тройка УНКУС па Ленінградскай вобласці
  • Прысуд: ВМП

Біяграфія

Максім Бурсевіч - беларускі палітык, педагог, публіцыст, сябра Беларускага пасольскага клуба, сябра БСРГ, кіраўнік яе Цэнтральнага сакратарыята, член ЦВК БССР, член Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.

Нарадзіўся ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета ў сялянскай сям’і беларусаў Тараса і Марыі. Сям’я была вялікая, таму адукацыю атрымаць удалося толькі яму і старэйшаму брату Андрэю, якія закончылі Слонімскае двухкласнае вучылішча і настаўніцкую семінарыю ў Жыровічах.

Пасля заканчэння семінарыі ў 1910 годзе Максім паехаў да брата ў Ваўкавыскі павет, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Апалінарыяй Мацвееўнай. Спачатку сям'я жыла на Кобрыншчыне, потым — ва Украіне. А ў пачатку 1922 года вярнуліся ў родную вёску Максіма Чамяры. У 1925 годзе Максім Бурсевіч адкрыў ў вёсцы прыватную беларускую школу. Школа праіснавала тры месяцы, пакуль яе не зачынілі польскія ўлады.

З пачатку 1920-х гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у першы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) і выбраны кіраўніком яе Цэнтральнага Сакратарыята.

Арыштаваны польскімі ўладамі ў лютым 1927 года і на "працэсе 56-ці" прыгавораны да 8 гадоў турмы. Пазней прысуд быў скарочаны на 4 гады.

У 1931 годзе, у выніку абмену палітычнымі зняволенымі, ён трапіў у БССР. Жыў у Менску. Працаваў членам прэзідыума і выконваў абавязкі кіраўніка аддзела культуры і навукі Дзяржплана БССР. Удзельнічаў у рабоце камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.

У другой палавіне 1933 года Максім Бурсевіч быў абвінавачаны ў так званым нацыянал-дэмакратызме, арганізацыі антысавецкага цэнтра, “заснаванага для аддзялення Беларусі ад СССР на карысць Польшчы”. 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена 10 гадамі зняволення. Пакаранне Максім Бурсевіч адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала.

9 кастрычніка 1937 года тройкай УНКУС па Ленінградскай вобласці Максім Тарасавіч быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Яго расстралялі 3 лістапада 1937 года. І толькі ў 1956 годзе ён быў пасмяротна рэабілітаваны па абодвух прысудах.