Біруковіч Леанід Платонавіч (1866)

Леанід Біруковіч.jpg
  • Дата нараджэння: 15 красавiк 1866 г.
  • Імя па-руску: Бирюкович Леонид Платонович
  • Месца нараджэння: Мінская губ., Барысаўскі павет (Мінская вобл., Крупскі раён), сяло Ухвала
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Сацыяльнае паходжанне: духавенства
  • Адукацыя: сярэдняя спецыяльная
  • Прафесія / месца працы: святар Праваслаўнай Царквы
  • Месца пражывання: БССР, Мінская вобл., Бярэзінскі раён, сяло Брадзец
  • Дата расстрэлу: 25 жнiвень 1937 г.
  • Месца смерці: БССР, г. Мінск, турма НКУС
  • Дата арышту: красавiк 1935 г.
  • Дата асуджэння: 21 кастрычнiк 1935 г.
  • Артыкул: 72а КК БССР
  • Прысуд: 6 гадоў ППЛ
  • Дата вызвалення: 1937 г.
  • Дата рэабілітацыі: 22 снежань 1989 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Пленум ВС БССР

  • Дата арышту: 17 лiпень 1937 г.
  • Абвінавачанне: Контррэвалюцыйная агітацыя
  • Дата асуджэння: 22 жнiвень 1937 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Тройка пры НКУС БССР
  • Артыкул: 72 КК БССР
  • Прысуд: ВМП
  • Дата рэабілітацыі: 26 сакавiк 1989 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Пракуратура БССР

Біяграфія

БІРУКОВІЧ Леанід Платонавіч нарадзіўся 2 (15) красавіка 1866 у сяле Ухвала Дзмітравіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Крупскага раёна Мінскай вобласці). Быў пятым дзіцём у сям’і патомнага свяшчэннаслужыцеля Платона Сафронавіча Біруковіча і яго жонкі Канстанцыі Іванаўны.

Пасля сканчэння Мінскай духоўнай семінарыі ў 1889, служыў псаломшчыкам пры Смалявіцкай царкве Барысаўскага павета. У 1894 рукапакладзены ва іерэі. З 1899 заняў святарскае месца бацькі на другім месцы яго служэння – у прыходзе Успення Божай Маці ў сяле Брадзец Ігуменскага павета Мінскай губерніі (цяпер вёска Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.).

У савецкі час быў разам з сям’ёй выселены з хаты; пазней прыхаджане пабудавалі яму новы дом. Паводле сведчання ўнучкі Марыі Сцяпанаўны Гуравай, старэйшага сына айца Леаніда – Аляксандра, які быў студэнтам Мінскай духоўнай семінарыі, – бальшавікі расстралялі на вачах бацькоў, дадаўшы пры гэтым: «каб не пладзілася папоўскае семя».

Першы раз святар арыштаваны ў 1934 за тое, што меў неасцярожнасць захоўваць у сваёй хаце некалькі залатых манет старой чаканкі. Знаходзіўся ў зняволенні паўтары месяцы.

Другі раз яго пазбавілі волі ў красавіку 1935. Паміж прыхаджанамі царквы, у якой служыў айцец Леанід, і прадстаўнікамі мясцовых улад распачаўся канфлікт, выкліканы рашэннем аб закрыцці царквы. Незадоўга да гэтага, прадчуваючы нядобрае, айцец Леанід наведаў многіх прыхаджан, сабраўшы сярод іх подпісы за працяг функцыянавання храма як месца царкоўнага жыцця. 19 красавіка 1935 у сяле з’явіліся актывісты-калгаснікі на чале са старшынёй мясцовага райвыканкама. Вакол царквы сабралося каля пяцісот яе прыхаджан. Калі актывісты накіраваліся апячатваць храм, з боку жанчын у іх паляцелі камяні і палкі. Узнікла сутыкненне, пасля чаго нападаўшыя адступілі. Напрацягу трох наступных сутак мясцовыя жыхары ахоўвалі свой прыхадскі храм, пачаргова дзяжурачы вакол яго. Аднак, праз пэўны час царква была зачынена. Віноўнымі ў сутыкненні былі аб’яўлены айцец Леанід Біруковіч і псаломшчыца Ганна Васільеўна Собаль. Айцец Леанід быў асуджаны да шасці год няволі ў канцлагеры, а Ганна Собаль – да чатырох. Вясной 1937 айца Леаніда нечакана вызвалілі па прычыне пагаршэння здароўя.

Трэці раз арыштаваны 17 ліпеня 1937 па абвінавачанні ў тым, што па вяртанні са зняволення заняўся зборам подпісаў за адкрыццё царквы ў сяле Брадзец. Пасля некалькіх допытаў ён адмовіўся даваць паказанні па прычыне адыёзнасці «следства». У «Акце», складзеным супрацоўнікамі Бярэзінскага НКУС, захаваўся наступны запіс: «Гэтай датай дапытаны грамадзянін Біруковіч Л.П., які па сканчэнні допыту заявіў, што пратакол допыту з яго слоў запісаны правільна, але падпісваць яго ён катэгарычна адмаўляецца і, у далейшым, адказваць на пытанні, і размаўляць з прадстаўнікамі НКУС не будзе». Пасля гэтага айца Леаніда сталі жорстка збіваць, і ён вымушаны быў ставіць свой подпіс пад кожным адказам. Пры гэтым святар не здрадзіў сваім поглядам і не адрокся ад Бога перад тварам смерці.

22 жніўня 1937 протаіерэй Леанід Біруковіч асуджаны да расстрэлу і 25 жніўня растраляны ў Мінску.

У 2000 на Юбілейным Архіерэйскім Саборы РПЦ па прадстаўленні Беларускага Экзархата айцец Леанід Біруковіч далучаны да ліку навамучанікаў і спаведнікаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання.

Успаміны

Успаміны ўнучкі Марыі Сцяпанаўны Гуравай:

«Бацюшка акрамя сваіх дзяцей, якіх было пяцёра, апякаў яшчэ пяць дзяцей памешчыка Бяліновіча, якія засталіся сіротамі. …У айца Леаніда была вялікая гаспадарка. Падымаўся ў чатыры-пяць гадзін раніцы, дапамагаў сялянам і затым ішоў на службу. Ён … добра спяваў, граў на гітары. Усе шанавалі яго і любілі… Айцец Леанід быў моцным фізічна. Распавядалі адзін выпадак. Аднойчы, у час сенажаці (а сенажаць была ў гразкім месцы) кабыла з возам загразла і не магла зварушыцца з месца, тады сам бацюшка упрогся замест кабылы і выцягнуў падводу з сенам. Бацюшка валодаў таксама і некаторымі медыцынскімі ведамі. У аднаго селяніна адбыўся заварот кішак. Айцец Леанід паставіў яму на жывот вялікі гаршчок, які ўсё адцягнуў і селянін застаўся жывы».

Крыніцы

Кривонос Феодор, священник. Священномученик Леонид Бирюкович / священник Феодор Кривонос // Врата небесные. – 2010. – № 2. – С. 40; Кривонос Феодор, священник. У Бога мёртвых нет. Неизвестные страницы из истории Минской епархии (1917–1939 гг.). – Мн.: МФЦП. – 2007. – С. 196; Маракоў, Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917 – 1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. Лабяк – Яцкевіч. Т. 2 / Леанід Маракоў. – Мінск: Беларускі экзархат, 2007. – 656 с. – С. 26–27; Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л.Я. Кулажанка, Т.А. Матрунчык. – Мінск: Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, 2012. – С. 159–160; Священномученик Леонид Бирюкович / Пресс-служба Березинского благочиния. – Режим доступа : http://berezino.cerkov.ru/home/svyashchennomuchenik-leonid-biryukovich. – Дата доступа : 26.11.2014; Щеглов Гордей, священник. Знаменитые выпускники Минской духовной семинарии: биографический справочник / автор-составитель священник Гордей Щеглов. – Жировичи: Минская духовная семинария, 2016. – С. 105–106.

Vadzim Urubleuski (размовы) 22:27, 3 студзеня 2018 (MSK)