Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч (1891)

Duz-Duszeuski Klaudzij.jpg
  • Дата нараджэння: 27 сакавiк 1891 г.
  • Імя па-руску: Дуж-Душевский Клавдий Степанович
  • Месца нараджэння: Віленская губ., Дзісенскі павет (Віцебская вобл.), мяст. Глыбокае
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Сацыяльнае паходжанне: сялянскае
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Дата смерці: 25 люты 1959 г.
  • Месца смерці: ЛітССР, г. Вільнюс
  • Месца пахавання: Літва, г. Каўнас, Пятрашунскія могілкі
  • Дата арышту: 2 лiпень 1940 г.
  • Дата вызвалення: чэрвень 1941 г.
  • Падставы вызвалення: пачатак вайны

  • Дата арышту: снежань 1946 г.
  • Дата вызвалення: травень 1947 г.
  • Падставы вызвалення: Недастатковасць сабраных доказаў для перадачы ў суд

  • Дата арышту: люты 1952 г.
  • Прысуд: 25 гадоў ППЛ
  • Дата вызвалення: 16 красавiк 1955 г.
  • Падставы вызвалення: Пагаршэнне стану здароўя

  • Крыніцы дадзеных: Вікіпедыя

Біяграфія

Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі — беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог. Лічыцца аўтарам бел-чырвона-белага сцяга.

Нарадзіўся 27 сакавіка 1891 (паводле іншых звестак 13(26).4.1891) у Глыбокім.

Па мацярынскай лініі паходзіў са шляхты Полацкага павету, яго прадзед Урублеўскі загінуў у паўстанне 1831 года, дзед Ян Высоцкі, як паўстанцкі жандар-вешальнік, быў павешаны 23 ліпеня 1863 года ў Сувалках, а маці першыя гады жыцця вымушана была правесці ў віленскай турме на Антокалі.

Бацька быў селянінам і валодаў 6 дзесяцінамі зямлі, але асноўным заробкам Сцяпана Душэўскага і яго брата было будаўніцтва. Клаўдзій з дзяцінства дапамагаў бацьку з дзядзькам, а з пачаткам атрымання адукацыі займаўся чарчэннем, і нават складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і масткоў. У старэйшых класах ужо сам кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі, пад пільным вокам бацькі складаў іх праекты.

У 1912 годзе скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, дзе далучыўся да беларускага руху. Іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. У 1912—1918 гадах вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце. Адзін з актывістаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у выданні часопіса «Раніца». Паводле яго сведчання, стварыў эскіз беларускага нацыянальнага сцяга.

У 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у чэрвені — кастрычніку 1917 член яе ЦК і прэзідыума. Удзельнік З'езда беларускіх нацыянальных арганізацый (сакавік 1917 г., Мінск), Усерасійскай дэмакратычнай нарады (верасень 1917 г., Петраград) і інш. У 1918 годзе працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Белнацкама. Пасля распаду БСГ (лета 1918) у Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. З красавіка 1919 ў Вільні: член Беларускага нацыянальнага камітэта, старшыня Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны (май — ліпень 1919), узначальваў камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі. Восенню 1919 — дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі, дзяржаўны сакратар ва ўрадзе В. Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах

У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 7.2.1921; эміграваў у Літоўскую рэспубліку (Каўнас). У 1920—1930-я г. працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства. У 1927 скончыў Літоўскі ўніверсітэт (Каўнас) і працаваў інжынерам. Выдаваў і рэдагаваў часопісы «Беларускі сцяг» (1922), «Крывіч» (1923—26), «Беларускі асяродак» (з 1933). Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Арыштаваны савецкімі ўладамі 2 ліпеня 1940 года. Следства скончылася ў чэрвені 1941 года. Было складзена абвінавачвальнае заключэнне, але ў сувязі з пачаткам вайны Душэўскі не быў асуджаны і эвакуяваны.

Пры немцах ён працаваў на заводзе гумавых вырабаў «Інкарас» на пасадзе інжынера. У канцы 1941 у Вільні Клаўдзій Душэўскі сустракаўся з Вацлавам Іваноўскім, які прапанаваў яму пасаду намесніка бурмістра Мінска. Душэўскі не пагадзіўся, а восенню 1942 года зноў адмовіўся ад прапановы. У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонка за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Правянішкесе. Дзякуючы заступніцтву сяброў і як спецыяліст-інжынер, вызвалены праз 4 месяцы, пасля чаго працаваў у тарфяным трэсце на пасадзе інжынера-будаўніка. Акрамя ўласных дзяцей, разам з жонкаю выхоўваў двух дзяцей-сірот.

У 1944—46 гадах — дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, на будаўнічым факультэце атрымаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры.

У снежні 1946 — маі 1947 пад следствам у Вільні. «За недастатковасцю сабраных доказаў для перадачы ў суд» яго справа была спынена, а ён сам вызвалены з-пад варты.

Зноў арыштаваны ў лютым 1952 года. Асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. У 1954 тэрмін зняволення быў скарочаны да 10 гадоў, а 16 красавіка 1955 года ён быў датэрмінова вызвалены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя.

Пасля вызвалення працаваў у інстытуце «Літбудпраект». Памёр 25 лютага 1959 г. у Вільнюсе. Пахаваны ў Каўнасе на Пятрашунскіх могілках.