Круталевіч Аляксандр Прохаравіч (1894)

Круталевіч Аляксандр Прохаравіч.png
  • Дата нараджэння: 1894 г.
  • Варыянты імя: Круталевич Александр Прохорович
  • Месца нараджэння: г. Варшава
  • Пол: мужчына
  • Сацыяльнае паходжанне: сялянскае
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: Загадчык кафедры матэматыкі, Бухарскі дзяржаўны педагагічны інстытут

  • Дата арышту: 14 снежань 1936 г.
  • Дата асуджэння: 24 лiстапад 1937 г.

  • Крыніцы дадзеных: Маракоў А. Расстраляныя ў мінскай унутранай турме НКВД у перыяд Крывавага тунеля смерці

Біяграфія

Аляксандр Прохаравіч Круталевіч - беларускі педагог і навуковец, складальнік тэрміналагічных слоўнікаў, майстар спорта па шашках.

Нарадзіўся ў Варшаве ў 1894 г. Яго бацькі паходзілі з сялян, яны шмат увагі аддавалі народным традыцыям і выхоўвалі сына ў павазе да нацыянальнай культуры. Таму нядзіўна, што з маладых гадоў сваёй роднай мовай Аляксандр лічыў беларускую.

У 1914 г. ён атрымаў сярэднюю адукацыю: закончыў прэстыжную Мінскую мужчынскую гімназію і паступіў на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта. Нягледзячы на дастаткова складаныя ўмовы для навучання (у сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны фінансаванне адукацыі істотна пагоршылася), Аляксандр стараўся авалодаць ведамі, займаўся навукай, а ў пазавучэбны час удзельнічаў у працы матэматычнага таварыства ў Маскве.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ён вярнуўся ў Мінск і працаваў настаўнікам у розных навучальных установах. Каб зарабіць на пражыццё, з 1918 г. выкладаў у сёмай і чацвёртай школах другой ступені, чытаў лекцыі на прамыслова-эканамічных, педагагічных і настаўніцкіх курсах.

З 1922 г. малады матэматык стаў выкладчыкам так званых агульнаасветных курсаў славутага Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума. Гэтая сціплая па сваім рангу ўстанова ў першай палове 1920-х гг. была найважнейшым асветніцкім асяродкам і адыграла заўважную ролю ў выхаванні нацыянальнай інтэлігенцыі. У Белпедтэхнікуме А. Круталевіч выкладаў элементарную матэматыку, методыку матэматыкі і працаваў разам з вядомымі вучонымі, педагогамі і літаратарамі Мікалаем Азбукіным, Мікалаем Байковым, Іванам Бялькевічам, Міхайлам Грамыкам, Юльянам Дрэйзіным, Якубам Коласам, Антонам і Язэпам Лёсікамі, Міхаілам Піятуховічам, Змітром Сцяпурам і інш.

Аляксандр Круталевіч, напэўна, быў адораным педагогам. Адна з навучэнак МБПТ Ганна Рабкова ўспамінала: “Як зараз памятаю не гучны, але выразны голас выкладчыка матэматыкі: Гуцько да дошкі!”. У адным з апавяданняў Леанід Маракоў так абмаляваў матэматыка Аляксандра Пятровіча Круталевіча, прататыпам якога, відавочна, быў Аляксандр Прохаравіч: «Вясёлы, няўрымслівы быў чалавек! Вучыў іх, будучых настаўнікаў, не толькі іксам і ігрэкам, але і таму-сяму іншаму. Не здавацца, пераадольваць цяжкасці, шукаць выйсце з любых, нават самых тупіковых сітуацый. “Выйсце ёсць заўсёды!” – гаварыў Аляксандр Пятровіч».

Паралельна з выкладаннем А. Круталевіч выконваў значную грамадскую працу: ён уваходзіў у склад метадычнай камісіі пры Народным камісарыяце асветы (з 1921 г.), у склад навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Інстытуце беларускай культуры (з 1921 г.), быў сакратаром Інбелкульта (з 1923 г.), членам Цэнтральнай камісіі па паляпшэнні побыту вучоных (т. зв. ЦЕКУБУ, першапачаткова створанай па ініцыятыве А. Горкагаў 1920 г. у Петраградзе для аказання матэрыяльнай дапамогі савецкім вучоным), уваходзіў у рэдакцыйную калегію па фізічных і матэматычных выданнях пры Беларускім дзяржаўным выдавецтве (з 1923 г.) і інш.

Увогуле Аляксандр Круталевіч добра ўпісваўся ў савецкі вобраз чалавека новай генерацыі: з сялян, камуніст, адукаваны, энергічны, а ў дадатакяшчэ і спартсмен. Ён прафесійна займаўся шашкамі, быў блізка знаёмы з вядомым рускім гісторыкам шахмат і шашак, заснавальнікам шашачнай кампазіцыі Давыдам Саргіным, захаваў частку яго архіву і нават напісаў успаміны.А. Круталевіч быў адным з дваццаці ўдзельнікаў І чэмпіянату СССР па рускіх шашках, які праходзіў у Маскве ў 1924 г. Праўда, выступіў не вельмі ўдала і заняў толькі 14-е месца (5-е месца на гэтым турніры заваяваў яго малодшы брат Барыс, які ў 1924 г. стаў першым у БССР майстрам спорту па шашках).

Актыўнага маладога чалавека хутка заўважылі ў навукова-педагагічных колах і запрасілі на працу ў вышэйшую школу. Так, 11 верасня 1925 г. праўленне БДУ ў асобе намесніка рэктара Лапоткі прасіла зацвердзіць А.Круталевіча на пасадзе асістэнта пры кафедры матэматыкі, і пастановай Наркамасветы БССР ад 2 студзеня 1926 г. за подпісам А. Баліцкага ён быў прызначаны на пасаду асістэнта (праўда, ранейшай датай – з 1 кастрычніка 1925 г., што на той час было звычайнай практыкай). Факультэцкая адміністрацыя даручыла Аляксандру Круталевічу чытанне самастойных курсаў па тэорыі дэтэрмінантаў і вышэйшай алгебры на ІІ курсе фізіка-матэматычнага аддзялення БДУ, тэорыі лікаў на IV курсе і методыцы матэматыкі на ІІІ курсе. “Падставай для такога даручэння з’явілася выбітная педагагічная дзейнасць Круталевіча ў сярэдняй школе, для якой ім надрукавана некалькі падручнікаў, а таксама яго праца па ўстанаўленні тэрмінаў матэматыкі на беларускай мове”.

У першай палове 1920-х гг. А. Круталевіч актыўна ўдзельнічаў у працы фізіка-матэматычнай секцыі Навуковага таварыства пры БДУ, на працягу доўгага часу быў яго сакратаром. У часопісах “Школа і культура Савецкай Беларусі” (у 1920 г.), “Весьнік Наркамасветы” (у 1921 –1922 гг.), “Полымя” (у 1924 – 1926 гг.) нярэдка з’яўляліся рэцэнзіі, водгукі і бібліяграфічныя агляды, падрыхтаваныя вучоным.

Верагодна, што А. Круталевіч працаваў над дысертацыяй. Так, ён праводзіў тэарэтычныя даследаванні па праблеме рашэння лікавых раўнанняў, а ў лютым 1927 г. быў нават камандзіраваны ў Ленінград для знаёмства з расійскімі педагагічнымі ўстановамі і працы ў бібліятэках Акадэміі навук, публічнай, універсітэцкай. Пра яго навуковы аўтарытэт сведчыць той факт, што ў якасці дэлегата ад БДУ вучоны быў накіраваны на Усесаюзны з’езд матэматыкаў, які праходзіў у Маскве вясной 1927 г.

Пастановай Народнага камісарыята асветы ў кастрычніку таго ж года Аляксандр Круталевіч быў прызначаны на пасаду дацэнта кафедры матэматыкі. Станоўчы водгук пра яго навуковую і вучэбную дзейнасць падрыхтаваў старшыня фізіка-матэматычнай прадметнай камісіі БДУ прафесар Яўхім Сіроцін. Ён лічыў, што “асістэнцкая пасада ўжо не адпавядае аб’ёму той працы, якую праводзіць А. П. Круталевіч у сценах Універсітэта” і адзначаў, што “за два гады дзейнасці Круталевіча ў якасці асістэнта праца яго… атрымала вялікае паглыбленне ў бок чыстай навукі і выразілася ў з’яўленні новых друкаваных падручнікаў, перакладаў і навуковых паведамленняў, як у друкаваным, так і рукапісным выглядзе…”.

Пасада ў БДУ давала магчымасць большменш забяспечыць штодзённыя патрэбы: Аляксандр Прохаравіч быў жанаты і ў 1925 г. ужо меў дзіця. Круталевічы кватаравалі ў так званым доме Пракаповічаў (№ 105) на вуліцы Савецкай, недалёка ад Белпедтэхнікума. Побытавыя ўмовы ў сям’і, як і ў многіх іншых сем’ях беларускіх інтэлігентаў таго перыяду, былі складаныя і не спрыялі навуковай працы. Так, Л. Маракоў адзначае, што ў 1926 г. дом, дзе жыў Круталевіч, быў падзелены на 2 кватэры. У першай з шасці пакояў і агульнай кухні жылі пяць сем’яў і ў другой трохпакаёвай без кухні і электрычнасці – яшчэ тры сям’і.

Аляксандр Круталевіч актыўна супрацоўнічаў з Інбелкультам і займаўся распрацоўкай тэрміналагічных слоўнікаў па алгебры, аналітычнай геаметрыі, батаніцы, хіміі, фізіцы. Ён добра валодаў рускай мовай, свабодна гаварыў па-польску, умеў чытаць і пісаць па-французску, па-англійску і па-нямецку, таму пры неабходнасці супастаўляў беларускія тэрміны з адзінкамі тэрмінасістэм іншых моў.

Трэба адзначыць, што 1920-я гады адметныя суіснаваннем у грамадска-палітычным жыцці краіны дзвюх процілеглых тэндэнцый. З аднаго боку, адбывалася інтэнсіўная беларусізацыя, у Наркамасветы, Наркамземе, Наркамваене, міліцыі, судовых інстанцыях пашыралася справаводства на беларускай мове; у школах беларуская мова ўводзілася як абавязковая, на яе пераводзіліся клубы, хаты-чытальні ў “саўхозах і валасьцёх”; у сямігодках, тэхнікумах і ў вышэйшай школе павялічваўся “беларускі сялянскі элемэнт”, асабліва на рабфаку і педфаку БДУ, у Сельскагаспадарчым інстытуце, школах палітпрасветы і іншых. Але ў той жа час дзяржава пачала планамерна змагацца з найбольш яркімі прадстаўнікамі нацыянальнай інтэлігенцыі. Так, у дакладзе сакрэтнага аддзела ДПУ БССР у ЦК КП(б)Б “О белорусско-эсеровском шовинистическом движении” ад 29 кастрычніка 1925 г. адзначалася, што «Наркамасветы з’яўляецца буйной цвярдыняй беларускага эсэрства і шавінізму (Некрашэвіч, Красінскі і інш.). Гэтая ячэйка, дзякуючы шавіністычнаму ўхілу нам.[есніка] Наркамасветы Баліцкага, працуе досыць паспяхова. Дзякуючы ёй усе вучэбныя ўстановы ў Мінску захоплены шалёнымі шавіністамі і беларускімі эсэрамі: “маршалак” Беларускай рады апантаны к.-р. [контррэвалюцыянер] Лёсік, Круталевіч, Бадунова Марыя, Смоліч, Кіпель, Рак, Азбукін, Пашковіч (брат), Байкоў, Курыловіч, Дружчыц і інш.»

Прыблізна з сярэдзіны 1920-х гг. “кампетэнтныя органы” імкнуліся ўсяляк скампраметаваць А. Круталевіча перад калегамі. У матэрыялах Камісіі па інтэлігенцыі (сакавік 1926 г.) яму даецца наступная характарыстыка: “палітычна не чэсны, кар’ерыст, шантажыст”. Паказальна, што ў такім жа стылі характарызуюцца і многія іншыя дзеячы беларускай навукі і культуры: Мікалай Азбукін, Іван Бялькевіч, Аляксандр Вазнясенскі, Дзмітрый Даўгяла, Хведар Імшэннік, Канстанцін Міцкевіч, Язэп Лёсік, Іван Луцэвіч, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Цвікевіч, Леў Цвяткоў, Уладзіслаў Чаржынскі, Мікалай Шчакаціхін і інш.

Пасля пачатку масавай калектывізацыі сельскай гаспадаркі савецкае кіраўніцтва запатрабавала ад выкладчыкаў, каб яны ў студэнцкай аўдыторыі ўсяляк прапагандавалі дасягненні калектывізацыі. Аляксандр Круталевіч падвёў пад гэта “навуковую базу”: ён прааналізаваў звесткі пра прыбыткі і выдаткі калгасаў і прыйшоў да высновы, што калгаснік за 30 працоўных дзён зарабляе 45 капеек. Такой “ідэалагічнай дыверсіі” ўлады дараваць не маглі, і А. Круталевіч быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. У 1930-я гг. ён загадваў кафедрай матэматыкі Бухарскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.

У сярэдзіне снежня 1936 г. Аляксандр Круталевіч па даносе быў беспадстаўна абвінавачаны і арыштаваны, а амаль праз год, 24 лістапада 1937 г., асуджаны да вышэйшай меры пакарання.

Крыніца: Дзятко Д. Аляксандр Круталевіч // Роднае слова. - 2015. - № 5