Кудзелька Міхаіл Сымонавіч (1896)

Кудзелька Міхаіл Сымонавіч (1896).jpg
  • Дата нараджэння: 7 лiстапад 1896 г.
  • Варыянты імя: Куделко Михаил Семенович, Міхась Чарот
  • Месца нараджэння: Мінская губерня, Ігуменскі павет (Мінская вобласць, Пухавіцкі раён), мяст. Рудзенск
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Сацыяльнае паходжанне: сялянскае
  • Адукацыя: сярэдняя
  • Прафесія / месца працы: Загадчык літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР
  • Месца пражывання: БССР, г. Мінск, вул. Ленінская, д. 35, кв. 1
  • Партыйнасць: член УсеКП(б) з 1920 г.
  • Дата расстрэлу: 29 кастрычнiк 1937 г.
  • Месца смерці: БССР, г. Мінск, турма НКУС

  • Дзе і кім арыштаваны: БССР, г. Мінск, вул. Ленінская, д. 35, кв. 1
  • Дата арышту: 24 студзень 1937 г.
  • Абвінавачанне: агент польскай выведкі
  • Дата асуджэння: 28 кастрычнiк 1937 г.
  • Прысуд: ВМП з канфіскацыяй маёмасці
  • Дата рэабілітацыі: 8 снежань 1956 г.

Рэпрэсаваныя сваякі

Жонка: Дадыка Ефрасіння Тарасаўна (1903)
Стрыечныя браты/сёстры: Кудзелька Іван Фадзеевіч (1891), Кудзелька Іосіф Фадзеевіч (1894)

Біяграфія

Міхась Чарот (сапр. Кудзелька Міхаіл Сымонавіч) — беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся 7 лістапада 1896 г. у мястэчку Рудзенск (зараз Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Першую адукацыю атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскім двухгадовым вучылішчы. У 1913—1917 гг. вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск, дзе прайшлі два апошнія гады навучання М. Чарота. Пасля сканчэння вучобы, быў мабілізаваны ў армію.

Вясной 1918 г. вярнуўся ў Мінск, дзе пачаў настаўнічаць у беларускай школе; паступіў у педагагічны інстытут. Спяваў у хоры У. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», быў старшынёй тэатральнай суполкі «Маладзік», выконваў ролі ў трупе Уладзіслава Галубка.

У 1919 член Белнацкама і створанай пры ім Ваеннай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920 утварылася з членаў «Маладой Беларусі». У 1920 г. уступіў у УсеКП(б). З 1920 г. супрацоўнік, у 1925—1929 гг. рэдактар газеты «Советская Белоруссия».

У 1923 г. удзельнічаў у стварэнні літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (уладальнік яго пасведчання № 1), з якога выйшаў у канцы 1927. Некаторы час быў членам аб'яднання «Полымя», затым уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

У 1922—1924 кандыдат у члены, у 1924—1931 член ЦВК БССР. У 1924 вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі.

У 1927 па камандзіроўцы Наркамасветы разам з Ц. Гартным і М. Зарэцкім пабываў у Латвіі, Германія, Францыі і Чэхаславакі. У 1927 годзе быў у праўленні Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам. У 1930-я працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

У Мінску жыў па адрэсе: вул. Ленінская 35, кв. 1.

Прысвяціў фігурантам справы "Саюз вызвалення Беларусі" верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…», у якім асуджаў іх за нацдэмаўшчыну.

Арыштаваны 24.01.1937 г., 28.10.1937 асуджаны паводле арт. 63-1,70, 76 КК БССР як агент польскай выведкі да ВМП. Расстраляны ў Мінскай турме 29.10.1937.

08 снежня 1956 г. рэабілітаваны Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР. Асабістая справа 8153-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Паэт Мікалай Хведаровіч у 1939 годзе знайшоў апошні верш Міхася Чарота, выцарапаны на сцяне адзіночнай камеры мінскай турмы НКУС:

Я не чакаў
i не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў лiхвяры
Мяне зацiснулi за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палi,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вiнаваты!