Ржэўскі Браніслаў Андрэевіч (1905)

Браніслаў Ржэўскі ў лагеры. Крыніца: Радыё Рацыя
  • Дата нараджэння: 25 сакавiк 1905 г.
  • Месца нараджэння: Мінская губ., Барысаўскі павет (Мінская вобл., Барысаўскі раён), в. Добрыцкае
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: Старэйшы выкладчык Гродзенскага педагагічнага інстытута; кандыдат філалагічных навук
  • Месца пражывання: БССР, г. Гродна
  • Дата смерці: 10 люты 1980 г.
  • Месца смерці: БССР, г. Гродна

  • Дзе і кім арыштаваны: БССР, г. Гродна
  • Дата арышту: 16 люты 1957 г.
  • Абвінавачанне: Антысавецкая агітацыя і прапаганда
  • Дата асуджэння: 25 сакавiк 1957 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Гродзенскі абласны суд
  • Артыкул: 72 КК БССР
  • Прысуд: 7 гадоў пазбаўлення волі
  • Месца адбывання: РСФСР, Дуброўлаг
  • Дата вызвалення: 16 студзень 1961 г.
  • Падставы вызвалення: Пастанаўленне вярхоўнага суда БССР
  • Дата рэабілітацыі: 29 сакавiк 1990 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Вярхоўны суд БССР

Біяграфія

Браніслаў Ржэўскі — беларускі літаратуразнаўца і педагог. Кандыдат філалагічных навук (1952).

Нарадзіўся 25 сакавіка 1905 у в. Добрыцкае Барысаўскага павета. У 1927 г. скончыў педагагічны тэхнікум у Барысаве і да 1930 г. працаваў настаўнікам у сёлах Гомельшчыны. У перыяд з 1930 па 1940 гг. скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, працаваў у розных адукацыйных установах Магілёва. З сакавіка 1940 да чэрвеня 1941 гг. працаваў дырэктарам польскай сярэдняй школы імя А. Міцкевіча ў Баранавічах.

Падчас Другой сусветнай вайны прымаў удзел у савецкім партызанскім руху ў Беларусі. На тэрыторыі Баранавіцкай вобласці стварыў падпольную дыверсійную групу «Барыса», якой і кіраваў. Група ўвайшла ў кантакт і падтрымлівала сувязь з савецкімі партызанамі — брыгадай імя Суворава. Быў прызначаны рэдактарам газеты «Перамога» (орган Новамышскага райкома КП(б)Б).

З кастрычніка 1944 па 1955 гг. працаваў выкладчыкам і загадваў кафедрай мовы і літаратуры ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Стварыў гурток па зборы і вывучэнні вуснай народнай творчасці, фальклору перыяду Другой сусветнай вайны. Уваходзіў у склад Камісіі па зборы матэрыялаў аб злачынствах нямецкіх акупацыйных улад на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці. У 1952 г. абараніў дысертацыю пра творчасць беларускага паэта М. Танка. У 1955 г. пераязджае ў Гродна і да 1957 г. выкладаў беларускую літаратуру ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Я. Купалы.

У сярэдзіне 1950-х праводзіць уласную кампанію публічных зваротаў да ўлад — піша лісты ў цэнтральныя беларускія газеты і ва ўстановы, звяртаецца да вядомых дзеячоў БССР. У зваротах у рэзкай форме выказваецца пра нацыянальную палітыку, якая праводзілася ў савецкімі ўладамі Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаванні выкарыстання беларускай мовы ў сферы адукацыі, культуры і публічнага жыцця. Акрамя таго, арганізуе напісанне студэнтамі Гродзенскага педагагічнага інстытута заяў пра становішча нацыянальнай школы.

16 лютага 1957 г. Ржэўскі арыштаваны на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус. 21 лютага 1957 г. праведзены паўторны ператрус, у выніку якога з асабістай бібліятэкі былі канфіскаваны кнігі, пераважна выдадзеныя ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, кнігі беларускіх антыкамуністычных аўтараў (Ф. Аляхновіча, ксяндза А. Станкевіча і інш.), а таксама польскія кнігі. Былі канфіскаваны баявыя ўзнагароды, а таксама рукапісы вершаў, у якіх Ржэўскі называў Сталіна забойцам, Неронам і Чынгізханам, заклікаў беларусаў да вызвалення. У абарону Ржэўскага была праведзена грамадская кампанія. Сяляне в. Скарчава, дзе ў пачатку вайны жыў Ржэўскі, сабралі 35 подпісаў пад зваротам у яго абарону. Асобна склала хадайніцтва група мясцовых дэпутатаў.

25 сакавіка 1957 Ржэўскі асуджаны Гродзенскім абласным судом паводле арт. 72 Крымінальнага кодэкса БССР на 7 год пазбаўлення волі. Знаходзячыся ў зняволенні, Ржэўскі працягваў сваю кампанію петыцый. Так, 10 кастрычніка 1957 г. ён накіраваў члену Прэзідыума ЦК КПСС К. Фурцавай ліст пра становішча беларускай мовы ў БССР.

Свой тэрмін Ржэўскі адбываў у ДубраўЛАГе (Мардовія). У 1959 г. жонка зняволенага Аляксандра звярталася ў Вярхоўны суд БССР з пратэстам на прысуд. Але ёй адказалі, што «оснований для принесения протеста по делу не имеется, поскольку мера наказания определена осуждённому в соответствии с содеянным, с учётом степени вины осуждённого и общественной опасности совершённого им преступления...». У 1961 г. Пленум Вярхоўнага суда БССР усё ж такі перагледзеў справу і датэрмінова (на 3 гады) вызваліў Ржэўскага.

Пасля вяртання ў Гродна Ржэўскі апынуўся ў цяжкай атмасферы ізаляцыі — ён пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі, але публікаваць іх было забаронена; шлях у вышэйшую школу для яго быў закрыты. Удалося ўладкавацца выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганізаваны нагляд КДБ.

У 1989 г. беларускі часопіс «Крыніца» ўпершыню апублікаваў фрагмент успамінаў пра Ржэўскага. Рэдакцыя гэтага ж часопіса і сям'я Ржэўскага звярнуліся ў пракуратуру з хадайніцтвам аб рэабілітацыі. 29 сакавіка 1990 г. Пленум Вярхоўнага суда СССР рэабілітаваў Ржэўскага у сувязі з адсутнасцю складу злачынства.