Сергіевіч Юльян Іосіфавіч (1910)

Юльян Сергіевіч.jpg
  • Дата нараджэння: 23 верасень 1910 г.
  • Месца нараджэння: Віленская губ., Ашмянскі павет (Мінская вобл., Маладзечанскі раён), в. Юраўшчына
  • Пол: мужчына
  • Сацыяльнае паходжанне: сялянскае
  • Месца пражывання: БССР, Мінская вобл., Маладзечанскі раён, в. Ленкаўшчына
  • Дата смерці: 4 кастрычнiк 1976 г.
  • Месца смерці: БССР, Мінская вобл., Маладзечанскі раён, в. Ленкаўшчына

  • Дата арышту: 1946 г.
  • Месца адбывання: Сібір, Казахстан

Біяграфія

Юльян Сергіевіч - беларускі паэт, мастак.

Нарадзіўся 23.9.1910 (паводле іншых звестак - 5.08) у в. Юраўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ. (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у сялянскай сям'і. Вучыўся ў пачатковай школе. Ягоным настаўнікам быў Мікола Абрамчык, будучы прэзыдэнт Рады БНР (1947—1970). Пасля службы ў польскай арміі (1932—1933) скончыў сельскагаспадарчыя курсы. У сярэдзіне 1920-х быў актывістам БСРГ і ТБШ. Першы верш С. «Дуб» быў апублікаваны ў 1922 у час. «Маладое жыццё». Друкаваўся ў перыядычных выданнях Зах. Беларусі, найперш у час. «Маланка» і газ. «Шлях моладзі»; у калектыўным зборніку «Рунь веснаходу».

З нападам Германіі на Польшчу ў верасні 1939 мабілізаваны ў польскую армію. Трапіў у нямецкі палон. Знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных (разам з Я. Брылём), на рабоце ў нямецкага баўэра. Працаваў у Камітэце беларускай самапомачы ў Берліне. Вярнуўшыся на Радзіму пасля вайны, настаўнічаў у в. Ленкаўшчына і Манішчыцы Маладзечанскага раёна.

Арыштаваны ў 1946. Да 1956 знаходзіўся ў лагерах Поўначы, Сібіры, Казахстана. Потым працаваў у калгасе імя Леніна Маладзечанскага раёна.

Друкаваўся мала, пераважна ў маладзечанскай раённай газеце. Некаторыя творы былі апублікаваны ўжо пасля яго смерці. Як мастак размалёўваў насценныя кілімы, пісаў тэматычныя карціны з жыцця вёскі. Творы С. экспанаваліся на рэспубліканскай выставе ў 1978. Яго вобраз як настаўніка створаны ў кнізе польскага празаіка З.Жакевіча «Воўчыя лугі».