Струкоўскі Іван Фёдаравіч (1895)

Фармуляр зменены карыстальнікам, дадзеныя не пацверджаны дакументальна і патрабуюць праверкі.

Іван Фёдаравіч Струкоўскі (са збораў В.С. Івановай)
  • Дата нараджэння: 18 кастрычнiк 1895 г.
  • Імя па-руску: Струковский Иван Федорович
  • Месца нараджэння: Мінская губерня, Мазырскі павет (Гомельская вобл., Жыткавіцкі р-н), с. Старажоўцы
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Сацыяльнае паходжанне: духавенства
  • Адукацыя: сярэдняя спецыяльная адукацыя
  • Прафесія / месца працы: святар Праваслаўнай Царквы
  • Месца пражывання: Мястэчка Целяханы Пінскай вобласці
  • Дата смерці: 15 жнiвень 1991 г.
  • Месца смерці: г.п. Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобласці
  • Месца пахавання: г.п. Целяханы

  • Дата арышту: 1 люты 1949 г.
  • Абвінавачанне: член калабарацыянісцкай арганізацыі "Беларуская народная самапомач"
  • Дата асуджэння: 12 красавiк 1949 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Ваенны трыбунал войск МУС Пінскай вобласці
  • Артыкул: 63-1 КК БССР
  • Прысуд: ППЛ (15 гадоў)
  • Месца адбывання: Асобы лагер № 7
  • Дата вызвалення: 17 верасень 1955 г.
  • Падставы вызвалення: Загад Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб амністыі
  • Дата рэабілітацыі: 1 красавiк 1992 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Прэзідыюм Берасьцейскага аблсуду
  • Падставы рэабілітацыі: адсутнасць складу злачынства

Біяграфія

СТРУКОЎСКІ Іван Фёдаравіч нарадзіўся 18 кастрычніка 1895 у сяле Старажоўцы Тураўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці), у сям’і святара мясцовай Пакроўскай царквы Фёдара Анастасавіча Струкоўскага і яго жонкі Соф’і Пятроўны з Яхневічаў.

Пасля сканчэння царкоўна-прыходскай школы настаўнічаў. У 1914–1919 навучаўся ў Мінскай духоўнай семінарыі. Меў намер паступіць у Пражскі медыцынскі інстытут, аднак гэтаму перашкодзіла знаёмства і пазнейшая жаніцьба з Таццянай Костка, дачкой святара з сяла Куноса Слуцкага павета.

У 1921 прайшоў пасвячэнне ў псаломшчыкі. Праз сем год рукапакладзены ў сан іерэя і прызначаны настаяцелем Аляксандра-Неўскай царквы ў вёсцы Крывічы Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства Польшчы. Пасля служыў у царкве Нараджэння Багародзіцы мястэчка Лахва Лунінецкага павета Палескага ваяводства, з’яўляўся раённым місіянерам Лунінецкага павета.

У 1932 пераведзены ў прыход Прысвятой Троіцы мястэчка Целяханы Косаўскага павета Палескага ваяводства, дзе на яго была ўскладзена місія працягнуць адбудоўванне храма, спаленага ў 1915 годзе. 4 лістапада 1933 адбылася ўрачыстая закладка храма з удзелам 12-ці святароў на чале з прадстаўніком архіепіскапа Пінскага Аляксандра. Да восені 1934 года храм быў амаль узведзены. Вясной 1935 года, у дзень Вялікай Пятніцы, са святочным хрэсным ходам у будынак былі ўнесены Св. Антымінс, Св. Дары і ўсе царкоўныя рэчы. З гэтага часу ўсе набажэнствы сталі праводзіцца ў новым храме, які дабудоўваўся яшчэ да 1939 года.

Арыштаваны 1 лютага 1949 падчас гасцявання ў брата Мікалая ў вёсцы Ліпнікі пад Драгічыным. Прычынай арышту стала супрацоўніцтва ў 1943 з арганізацыяй Беларуская народная самапомач у справе па зборы харчовай і матэрыяльнай дапамогі для дзяцей са знішчаных немцамі івацэвіцкіх вёсак Бабровічы, Вяда, Красніца і Тупічычы (пасля вайны адрадзіліся толькі Бабровічы). Усё сабранае ім было раздадзена дзецям у колькасці каля 300 чалавек. Айцец Іаан быў асуджаны ваенным трыбуналам горада Пінск да расстрэлу, аднак у сувязі з адменай смяротнай кары прысуд быў заменены 25-цю гадамі папраўча-працоўных лагераў, паражэннем у правах і канфіскацыяй маёмасці.

Пасля вяртання дамоў у 1956, па хадайніцтве прыхаджан і дабраславенні мітрапаліта Мінскага і Беларускага Піцірыма працягнуў служэнне ў Целяханах. Займаўся аднаўленнем царквы, пашкоджанай снадарам у 1944 годзе. У канцы 1959 рамонт царквы быў завершаны, за што настаяцель і прыхаджане атрымалі падзяку ад уладыкі Піцірыма.

Пісаў вершы, прысвечаныя розным падзеям асабістага жыцця.

Жонка (з 24.10.1926) – Таццяна Міхайлаўна Костка (1906 – 1994).

Памёр 15 жніўня 1991.

Успаміны

Успаміны пляменніцы Кацярыны Міхайлаўны Лебедзевай (1935 г.н.) пра падзеі арышту 1 лютага 1949 г.:

«Дзядзька прывёз падарункі, салодкае, накрылі стол. Раптам заходзяць трое нейкіх людзей, здаецца прадстаўнікі ўлады з сельскага савета. Ніна Іванаўна (жонка Мікалая Струкоўскага – В.І.), як добрая гаспадыня запрашае сесці за стол. Потым папрасілі дзядзьку Івана выйсці ў сенцы. Там аб’явілі, што прыехалі арыштоўваць. Пасадзілі на падводу… Павезлі ў Пінск на суд… Чаму ў Ліпніках арыштавалі, дакладна мы не ведалі: ці баяліся жыхароў Целяхан, якія вельмі любілі і паважалі свайго святара, ці, можа, загадана было тэрмінова арыштаваць, таму знайшлі нават у гасцях у брата».

Крыніцы

Іванова, В.С. “Чалавек ад Бога”. Біяграфія протаіерэя Іаана Струкоўскага (па дакументах асабістага архіва і ўспамінах родных і знаёмых) / Вольга Іванова // Праваслаўе. – 2010. – № 16. – С. 136–141; Электронная версія архіва Струкоўскіх.

|браты/сёстры=Струкоўскі Мікалай Фёдаравіч, Струкоўскі Сяргей Фёдаравіч