Цвікевіч Аляксандр Іванавіч (1888)
- Дата нараджэння: 22 чэрвень 1888 г.
- Імя па-руску: Цвикевич Александр Иванович
- Месца нараджэння: Гродзенская губ., г. Брэст
- Пол: мужчына
- Нацыянальнасць: беларус
- Сацыяльнае паходжанне: служачыя
- Прафесія / месца працы: Навуковы работнік Інстытута гісторыі Беларускай акадэміі навук
- Месца пражывання: БССР, г. Мінск
- Дата расстрэлу: 30 снежань 1937 г.
- Месца смерці: БССР, г. Мінск
- Дата арышту: 14 лiпень 1930 г.
- Абвінавачанне: Шкодніцтва, антысавецкая агітацыя
- Дата асуджэння: 10 красавiк 1931 г.
- Орган, які вынес прысуд: Калегія АДПУ
- Артыкул: 58-4; 58-7; 58-10; 58-11
- Прысуд: 5 гадоў ссылкі
- Месца адбывання: РСФСР, г. Перм; РСФСР, г. Ішым; РСФСР, г. Сарапул
- Дата рэабілітацыі: 10 чэрвень 1988 г.
- Орган, які рэабілітаваў: Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР
- Дата арышту: 17 снежань 1937 г.
- Прысуд: ВМП
- Дата рэабілітацыі: 31 травень 1989 г.
- Архіўная справа: КДБ РБ 20951-с
- Крыніцы дадзеных: Картатэка Сталіна (Радыё Свабода)
Рэпрэсаваныя сваякі
Брат: Цвікевіч Іван Іванавіч (1891)
Біяграфія
Аляксандр Іванавіч Цвікевіч — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.
Нарадзіўся 22 чэрвеня 1888 у Берасці ў сям'і фельчара чыгуначнай бальніцы. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1912), да 1914 працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Брэсце. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны — у бежанстве ў Туле, дзе прымаў актыўны ўдзел у працы камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 у Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.
Удзельнічаў у працы Першага Усебеларускага з'езда, быў абраны сакратаром прэзідыўма, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады з'езда. У студзені 1918 Выканкам І Усебеларускага з'езда накіраваў Аляксандра Цвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Брэст. Не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, Цвікевіч і Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсці ў дэлегацыю УНР у якасці дарадцаў.
У канцы сакавіка 1918 быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Падчас дзейнасці місіі Цвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнання адроджанай беларускай дзяржаўнасці і перагляду Брэсцкага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам быў наладжаны выпуск газеты «Белорусское эхо», арганізавана Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве. 29 мая 1918 беларуская місія звярнулася да расійскай мірнай дэлегацыі і падала яе кіраўніку Х. Ракоўскаму ноту, падпісаную Цвікевічам і М. Доўнар-Запольскім, гаворачы аб патрэбе прызнання расійскім савецкім урадам незалежнасці Беларусі.
У ліпені 1918 Аляксандр Цвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.
Вясной 1919 урад БНР накіроўвае Цвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне — атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. Пасля адмовы германскіх улад выдаць грошы ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку.
З 1921 па 1923 Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынёй І Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 г. У 1922 Цвікевіч разам з В. Ластоўскім зрабілі спробу ўключэння беларускага пытання ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі.
У 1923, у сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў з палітыкай урада БНР В.Ластоўскага быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам. На Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне ў 1925 пад уздзеяннем поспехаў і дасягненняў палітыкі беларусізацыі ў БССР Аляксандр Цвікевіч прыняў рашэнне аб спыненні дзейнасці Рады міністраў БНР і прызнанні Мінска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. У лістападзе 1925 Цвікевіч з сям'ёй пераехаў у Мінск.
Пасля пераезду ў БССР працаваў у Наркамаце фінансаў, потым — вучоным сакратаром у Інбелкульце. З 1929 працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук.
4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмуртыя). Паўторна арыштаваны 17 снежня 1937. 30 снежня 1937 Аляксандр Цвікевіч быў расстраляны ў Мінску.
Рэабілітаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988, па другім — 31 мая 1989.