Шахмуць Раман Раманавіч (1901)

Серафім Жыровіцкі (Шахмуць).jpg
  • Дата нараджэння: 15 лiпень 1901 г.
  • Варыянты імя: Шахмуць Сямён Раманавіч; Серафім Жыровіцкі
  • Месца нараджэння: Мінская губ., Слуцкі павет (Брэсцкая вобл., Ляхавіцкі раён), в. Падлессе
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Адукацыя: сярэдняя
  • Прафесія / месца працы: Архімандрыт
  • Месца пражывання: г. Гродна
  • Дата смерці: 5 сакавiк 1946 г.
  • Месца смерці: ГУЛАГ

  • Дзе і кім арыштаваны: НКУС
  • Дата арышту: 6 верасень 1944 г.
  • Абвінавачанне: Актыўнае супрацоўніцтва з СД, пасобніцтва нямецкім акупантам
  • Дата асуджэння: 7 лiпень 1945 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Асобая Нарада пры НКУС СССР
  • Прысуд: 5 гадоў ППК
  • Месца адбывання: Унжэнскі канцлагер МДБ Горкаўскай вобл. (ст. Сухабязводная)
  • Дата рэабілітацыі: 22 красавiк 1994 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Пракуратура Беларусі

Біяграфія

[Раман Раманавіч; 15.7.1901, в. Падлессе Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 5.3.1946 (?), ГУЛАГ], свяшчэннамучанік. Архімандрыт. Беларус. Са шматдзетнай сялянскай сям’і. З дзяцінства наведваў Свята-Духаву царкву, дзе настаяцелем служыў Іосіф Кезевіч* . У 1915 скончыў Ляхавіцкае 2-класнае народнае вучылішча. У гэтым жа годзе памёр бацька, і маці засталася з  дзецьмі адна. З 1916 паслушнік Мінскага Свята-Духава манастыра. У 1917 з-за ваенных падзей вярнуўся ў родную вёску. У 1921 здаў экзамен на псаломшчыка, служыў у Спаса-Праабражэнскай царкве в. Вяляцічы Барысаўскага пав. З чэрв. 1922 паслушнік Успенскага манастыра ў мяст. Жыровічы Слонімскага пав. 1.4.1923 прыняў манашаскі пострыг з імем Серафім. Рукапаложаны ў іерадыякана (1926), іераманаха (1935). Накіраваны ў прыход в. Курашова тагачаснага Бельскага пав. Беластоцкага ваяв. Актыўна займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод тутэйшых жыхароў, якія ў 1920-я — пачатку 1930-х г. перайшлі да уніі. У канцы 1939 архіепіскапам Панцеляіманам (Ражноўскім) узведзены ў сан ігумена, потым архімандрыта. У жн. 1941 С. і айцу Грыгорыю Кударэнку была даверана высокая і адказная місія: на акупаванай тэрыторыі Беларусі арганізаваць прыходскае жыццё. Па дарозе ў Мінск місіянеры наведалі шэраг вёсак і мястэчак Капыльскага, Слуцкага, Уздзенскага р-наў, дзе збіралі на імя мітрапаліта прашэнні веруючых з просьбай аб адкрыцці царкоўных прыходаў. З ліст. 1941 да пачатку 1942 служыў у  Мінску ў царкве былога Спаса-Праабражэнскага жаночага манастыра. У студз. 1942 з айцом Грыгорыем выехаў на Віцебшчыну, дзе зноў збіраў прашэнні аб адкрыцці храмаў, правіў богаслужэнні, хрысціў дзяцей. Пазней місіянеры наведалі Быхаў, Жлобін, Магілёў, Гомель. У Чонках Гомельскай вобл. адкрылі жаночы манастыр. Увосень 1943 вярнуліся ў Мінск. Служылі ў Свята-Духавай царкве (цяпер кафедральны сабор). У чэрв. 1944 прапаведнікі пераехалі ў Гродна.

6.9.1944 арыштаваны органамі НКВД і праз 5 дзён перавезены ў Мінскую турму. Абвінавачваліся ў «актыўным супрацоўніцтве з СД». 7.7.1945 архімандрыт Серафім і айцец Грыгорый асуджаны (з Іванам Шышлам) да 5 гадоў ППК. Этапаваны, хутчэй за ўсё, ва Унжэнскі канцлагер МДБ Горкаўскай вобл. (ст. Сухабязводная). С. загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны пракуратурай Беларусі 22.4.1994. Групавая справа архімандрыта і інш. № 35844-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. У 1999 Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Серафім далучаны да ліку святых новапакутнікаў. У 2000 кананізаваны Архіерэйскім Саборам РПЦ.