Аляхновіч Францішак Каралевіч (1883)

Францішак Аляхновіч, 1921 г.
  • Дата нараджэння: 9 сакавiк 1883 г.
  • Варыянты імя: Аляхновіч-Алекна
  • Месца нараджэння: Віленская губеря (Літва), г. Вільня
  • Пол: мужчына
  • Адукацыя: няск. вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: Літаратурны кіраўнік у БДТ-2, г. Віцебск
  • Дата смерці: 3 сакавiк 1944 г.
  • Месца смерці: г. Вільня

  • Дата арышту: 1 студзень 1927 г.
  • Прысуд: 10 гадоў
  • Месца адбывання: выспа Салаўкі
  • Дата вызвалення: верасень 1933 г.
  • Падставы вызвалення: Абмен на вязня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча

Біяграфія

Сыны Францішка Аляхновіча Юрка (справа) і Казік (злева) у часе яго ссылкі на Салавецкіх астравах

Францішак Аляхновіч — беларускі тэатральны дзеяч, драматург.

Нарадзіўся 9 сакавіка 1883 г. у Вільні у сям'і тэатральнага скрыпача. Сістэматычнай агульнай адукацыі не атрымаў, хоць і рабіў некалькі спроб вучыцца ў Віленскай гімназіі, Віленскай хімічна-тэхнічнай школе і ў Кракаўскім універсітэце. У 1907 годзе скончыў Варшаўскую драматычную школу, пасля якой вандраваў з трупай акцёраў.

Праз год вярнуўся ў Вільню, працаваў рэпарцёрам, выдаваў на польскай мове гумарыстычны часопіс «Perkunas». За публікацыю антыцарскага артыкула часопіс «Perkunas» быў закрыты, а рэдактар трапіў пад следства. Уцёк у Аўстра-Венгерскую імперыю, дзе працаваў акцёрам у Кракаве і ў польскіх тэатрах Галіччыны. У 1913 г. у Расійскай імперыі была аб’яўлена амністыя, і хоць пад яе трапляла толькі частка «злачынстваў» Аляхновіча, ён вярнуўся ў Вільню, дзе яго асудзілі на год астрога. Знаходзячыся ў Лукішскай турме Вільні Францішак пачаў пісаць п’есы.

Вокладка 1-га выдання кнігі «У капцюрох ГПУ»

У лістападзе 1926 г. прыехаў у Мінск на Акадэмічную канферэнцыю, неўзабаве атрымаў савецкае грамадзянства і ўладкаваўся працаваць літаратурным кіраўніком у адкрытым БДТ-2 у Віцебску. І ўжо 1 студзеня 1927 г. быў арыштаваны. Атрымаў 10 гадоў зняволення на Салаўках. У верасні 1933 г. адбыўся абмен Аляхновіча савецкімі ўладамі на вязня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча.

Пасля вяртання ў Вільню напісаў свой самы вядомы твор — успаміны пра знаходжанне ў савецкі лагерах «У капцюрох ГПУ», які быў перакладзены на большасць еўрапейскіх моваў. У канцы 1937 г. выйшаў і беларускі варыянт кнігі.

У сакавіку 1944 г. Францішах Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры ў Вільні. Дагэтуль невядом, хто спрычыніўся да гэтага забойства. Па адной версіі яго забілі савецкія дыверсанты, засланыя з-за лініі фронту. Па іншай - вайскоўцы Арміі Краёвай.