Беняшэвіч Уладзімір Мікалаевіч (1874)
- Дата нараджэння: 9 жнiвень 1874 г.
- Варыянты імя: Бенешевич Владимир Николаевич
- Месца нараджэння: Віленская губерня, Дзісненскі павет (Віцебская вобл., Браслаўскі раён), мяст. Друя
- Пол: мужчына
- Нацыянальнасць: беларус
- Сацыяльнае паходжанне: мяшчанскае
- Адукацыя: вышэйшая
- Прафесія / месца працы: галоўны бібліятэкар рускага аддзела Публічнай бібліятэкі, член-карэспандэнт АН СССР
- Дата расстрэлу: 27 студзень 1938 г.
- Месца смерці: РСФСР, г. Ленінград
- Дзе і кім арыштаваны: РСФСР, г. Ленінград, АДПУ
- Дата арышту: 28 лiстапад 1928 г.
- Абвінавачанне: шпіянаж на карысць Ватыкана, Германіі і Польшчы; падрыхтоўка уніі Праваслаўнай царквы з Рымам
- Дата асуджэння: 14 чэрвень 1929 г.
- Орган, які вынес прысуд: Асобая нарада пры АДПУ
- Прысуд: 3 гады пазбаўлення волі
- Месца адбывання: Салавецкі лагер асобага прызначэння (СЛОН)
- Дзе і кім арыштаваны: Салавецкі лагер асобага прызначэння
- Дата арышту: 28 люты 1930 г.
- Абвінавачанне: Справа акадэміка Платонава (Акадэмічная справа)
- Дата асуджэння: 8 жнiвень 1931 г.
- Орган, які вынес прысуд: Калегія АДПУ
- Артыкул: Арт. 58-11
- Прысуд: 5 гадоў ППЛ
- Месца адбывання: Комі АССР, Ухта-Пячорскі лагер
- Дата вызвалення: 13 сакавiк 1933 г.
- Дзе і кім арыштаваны: г. Ленінград
- Дата арышту: 27 лiстапад 1937 г.
- Абвінавачанне: Шпіянаж на карысць Германіі
- Дата асуджэння: 17 студзень 1938 г.
- Орган, які вынес прысуд: Асобая тройка НКУС
- Артыкул: Арт. 58-6, 58-10, 58-11 КК РСФСР
- Прысуд: ВМП
Біяграфія
Уладзімір Мікалаевіч Беняшэвіч — гісторык, даследчык кананічнага права, прафесар, член-карэспандэнт АН СССР.
Нарадзіўся 9 (21) жніўня 1874 г. у мястэчку Друя (зараз - Браслаўскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і прыстава.
З залатым медалём скончыў Віленскую гімназію. У 1897 скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта; у 1897—1900 слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гейдэльбергскім універсітэтах. У 1914 г. абараніў ступень доктара царкоўнага права. Валодаў англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, польскай, чэшскай, баўгарскай, сербскай, новагрэцкай, старажытнагрэцкай, лацінкай, сірыйскай, старажытнагрузінскай і старажытнаармянскімі мовамі.
З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта. Чытаў лекцыі па царкоўнаму і дзяржаўнаму праву. Рэдактар шэрагу выданняў па кананічным праве і славяназнаўству. У 1917-18 гг. удзельнічаў у дзейнасці Памеснага сабору Праваслаўнай Расійскай царквы, быў адным з сакратароў Сабора. У 1922 г. быў арыштаваны, праходзіў па "справе мітрапаліта Веніаміна", але судом быў апраўданы. Чарговы раз быў арыштаваны ў 1924 г. У 1926 стаў сакратаром Візантыйскай камісіі АН СССР. У 1925—1928 гг. і 1933—1937 гг. працаваў галоўным бібліятэкарам аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі. У 1925 г. абраны членам-карэспандэнтам АН СССР; з'яўляўся членам-карэспандэнтам Берлінскай, Мюнхенскай, Страсбургскай акадэмій навук, ганаровы член Афінскага таварыства візанціназнаўства.
У лістападзе 1928 г. яго навуковая дзейнасць была перарвана ў сувязі з арыштам па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Ватыкана, Германіі і Польшчы. Нягледзячы на хадайніцтва Альберта Эйнштэйна і Фрыцьёфа Нансена, быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі і накіраваны ў Салавецкі лагер асобага прызначэння.
У 1930 г. быў арыштаваны ў лагеры і перавезены ў Ленінград, дзе быў абвінавачаны па "справе акадэміка Платонава" ("Акадэмічная справа"). 08 жніўня 1931 г. прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі і накіраваны ў Ухта-Пячорскі лагер. Па гэтай жа справе былі асуджаныя яго брат Дзмітрый і жонка, Людміла Фадзееўна Беняшэвіч (Зелінская). Дзякуючы хадайніцтву Уладзіміра Бонч-Бруевіча, Беняшэвіч быў вызвалены ў 1933.
У траўні 1937 г. у Мюнхене выйшаў першы том нямецкага выдання працы Беняшкевіча пра Яна Схаластыка. У кастрычніку 1937 г. быў зволены з працы, тады ж у часопісе «Известия» з'явілася нататка пра здраду навукоўца, які апублікаваў працу ў фашысцкай Германіі. 27 лістапада 1937 г. Уладзімір Мікалаевіч быў арыштаваны і абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Германіі. 17 студзеня 1938 г. быў прыгавораны да ВМП асобай тройкай НКУС, 27 студзеня быў расстраляны. Таксама па гэтай праве былі расстраляныя і сваякі Уладзіміра Мікалаевіча: брат Дзмітрый (нар. 1877 г.), сыны Георгій (нар. 1911 г.) і Дзмітрый (нар. 1911 г.).
Рэабілітаваны ў 1958 г.