Геніюш Ларыса Антонаўна (1910)

Heniusz Larysa.jpeg
  • Дата нараджэння: 27 лiпень 1910 г.
  • Імя па-руску: Гениуш Лариса Антоновна
  • Варыянты імя: Міклашэвіч Ларыса Антонаўна
  • Месца нараджэння: Гродзенская губ., Гродзенскі павет (Гродзенская вобл., Ваўкавыскі раён), маёнтак Жлобаўцы
  • Пол: жанчына
  • Нацыянальнасць: беларуска
  • Грамадзянства: Чэхаславакія
  • Прафесія / месца працы: Генеральны сакратар урада БНР
  • Дата смерці: 7 красавiк 1983 г.
  • Месца смерці: БССР, Гродзенская вобл., г.п. Зэльва
  • Месца пахавання: Гродзенская вобл., г.п. Зэльва

  • Дзе і кім арыштаваны: Чэхаславакія, г. Вімперк
  • Дата арышту: 5 сакавiк 1948 г.
  • Дата асуджэння: люты 1949 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Вярхоўны суд БССР
  • Прысуд: 25 гадоў ППЛ (У 1956 заменена на 8 гадоў ППЛ)
  • Месца адбывання: Комі АССР, лагер Інта; Комі АССР, Абезьскі ППЛ; Мардоўская АССР

Біяграфія

Heniusz Larysa 3.jpg

Ларыса Антонаўна Геніюш (дзявоае прозвішча Міклашэвіч) — беларуская паэтэса, празаік, грамадскі дзеяч.

Нарадзілася 27 ліпеня (9 жніўня) 1910 г. у маёнтку Жлобаўцы паблізу Воўпы Гродзенскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобл.). Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). Выйшла замуж за Янку Геніюша і ў 1937 годзе пераехала ў Прагу, дзе ён вучыўся, а потым працаваў доктарам.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР (1939 г.), быў арыштаваны бацька Ларысы Геніюш. Неўзабаве, па кароткім зняволенні ў гродзенскай турме, яго расстралялі. Маці Ларысы Геніюш і двух яе сясцёр выслалі ў Казахстан.

У 1937—1947 гадах жыла ў Празе. Наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў рабоце ўраду БНР на эміграцыі. У сакавіку 1943 года стала Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР. Апекавала беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў, беларускіх работнікаў і ваеннапалонных у Германіі.

З 1945 года савецкія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць» падчас вайны. Пад канец 1947 года Ларыса Геніюш перабралася з мужам з Прагі ў Вімперк.

5 сакавіка 1948 года арыштавана, а 12 жніўня разам з мужам перададзеная савецкім уладам. Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 года ў турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Л. Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР.

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве

У лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Да такога ж тэрміну быў прыгавораны Я. Геніюш. Пакаранне адбывала ў лагерах Інты і Абедзе (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР.

У 1956 годзе разам з мужам часткова рэабілітавана, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве.

Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гімназіі, друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх перыядычных выданнях «Раніца», «Беларускі работнік», «Новы шлях» і інш. У 1942 годзе ў Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі. Пісала вершы і ў зняволенні. Пасля вызвалення яе творчасць на працягу 10 гадоў была забаронена. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы (апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей). Пасля заняпаду таталітарызму пасмяротна былі выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў.

Памерла 7 красавіка 1983 г., пахавана ў Зэльве.