Крыніцкі Аляксандр Іванавіч (1894)

Krynicki Aliaksandr.jpg
  • Дата нараджэння: 1894 г.
  • Імя па-руску: Криницкий Александр Иванович
  • Месца нараджэння: (Расія), г. Цвер
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: рускі
  • Адукацыя: няск. вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: 1-ы сакратара Саратаўскага крайкама УсеКП(б); кандыдат у члены Аргбюро ЦК УсеКП(б)
  • Месца пражывання: РСФСР, г. Масква, гасцініца "Масква", пакой 702
  • Партыйнасць: член УсеКП(б)
  • Дата расстрэлу: 30 кастрычнiк 1937 г.
  • Месца смерці: РСФСР, г. Масква
  • Месца пахавання: Расія, г. Масква, Данскія могілкі

  • Дата арышту: 20 лiпень 1937 г.
  • Абвінавачанне: Удзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі
  • Дата асуджэння: 29 кастрычнiк 1937 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР
  • Дата рэабілітацыі: 17 сакавiк 1956 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР

Біяграфія

Аляксандр Іванавіч КРЫНІЦКІ — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч.

Нарадзіўся 28 жніўня (9 верасня) 1894 у Цверы. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце (1913-15). Удзельнічаў у студэнцкім рэвалюцыйным руху. Член РСДРП з 1915 г., арыштаваны і ў верасні 1915 г. асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібір. Вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., быў старшынёй Цвярскога губкама. У 1918-24 гг. на партыйнай працы ва Уладзіміры, Саратаве, Маскве, Омску, Данецку.

У верасні 1924 да мая 1927 ў БССР: сакратар, са снежня 1925 г. 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б. На Беларусі А. Крыніцкі як тыповы прадстаўнік партыйнай эліты праводзіў у жыццё ідэі ўмацавання СССР як адзінай звышцэнтралізаванай саюзнай дзяржавы, камандна-адміністрацыйнай кіравання эканомікай, поўнай манаполіі на ўладу кампартыі. Адначасова зведваў уплыў моцнага ў 1920-я г. мясцовага нацыянальна-арыентаванага крыла КП(б)Б. Індустрыялізацыю ў БССР праводзіў з істотнымі адрозненнямі ад установак XIV з'езда УКП(б): вітаў развіццё прамысловасці па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны, садзейнічаў забеспячэнню вёскі неабходнымі сельскагаспадарчымі машынамі і прыладамі, развіццю прадукцыйных сіл вёскі і мястэчка, саматужнай прамысловасці і г.д. Адначасова ў БССР шырока вялося культурнае будаўніцтва, ажыццяўлялася беларусізацыя і каранізацыя, А. Крыніцкі спрыяў авалоданню беларускай мовай і карыстанню ёю ўсімі членамі КП(б)Б.

У той жа час у сакавіку 1926 па яго ініцыятыве прынята пастанова ЦК КП(б)Б «Аб рабоце сярод інтэлігенцыі», створана камісія, па прапановах якой прадстаўнікоў навуковай, творчай і культурна-асветнай інтэлігенцыі па палітычных матывах адхілялі ад займаемых пасад. Пачалося «выцясненне» з актыву КП(б)Б былых удзельнікаў непралетарскіх партый (БПСР, Бунд і інш.), якое заканчвалася выключэннем з партыі, арыштамі. Паміж А. Крыніцкім і старшынём СНК БССР Я. Адамовічам склаліся ненармальныя адносіны, якія прывялі да адклікання абодвух з Беларусі. У пач. 1930-х гг. гэтыя адносіны былі кваліфікаваны як праяўленне групаўшчыны ў КП(б)Б з праваапартуністычнай і нацыяналістычнай афарбоўкай.

З мая 1927 г. — загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦК УКП(б), з 1929 г. — сакратар Закаўказскага крайкама УКП(б), потым намеснік наркама РСІ СССР, адначасова член рэдкалегіі часопіса «Большевик», намеснік загадчыка сельскагаспадарчага аддзела ЦК УКП(б), з 1933 г. — начальнік Палітупраўлення і намеснік Наркамзема СССР, сакратар Саратаўскага крайкама (абкама) партыі.

У ліпені 1937 г. быў арыштаваны, абвінавачаны ў прыналежнасці да арганізацыі правых і шпіянажы на карысць Полышчы, расстраляны 30 кастрычніка 1937. У 1956 г. быў рэабілітаваны.