Лупіновіч Карл-Аляксандр Карлавіч (1891)

Лупіновіч Карл.jpg
  • Дата нараджэння: 1891 г.
  • Месца нараджэння: Мінская губ., г. Докшыцы
  • Пол: мужчына
  • Адукацыя: вышэйшая духоўная
  • Прафесія / месца працы: Рымска-каталіцкі святар
  • Дзе і кім арыштаваны: г. Масква
  • Дата арышту: 20 люты 1929 г.
  • Абвінавачанне: Шпіянаж і ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі
  • Падставы вызвалення: Падпіска пра супрацоўніцтва з органамі ДПУ

  • Дата арышту: 18 люты 1931 г.
  • Дата асуджэння: 18 лiстапад 1831 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Калегія АДПУ
  • Артыкул: 58-6; 58-10; 58-11 КК РСФСР
  • Прысуд: 3 гады ссылкі
  • Месца адбывання: Казахстан

  • Дзе і кім арыштаваны: Казахстан
  • Дата арышту: снежань 1933 г.
  • Абвінавачанне: Шпіянаж
  • Дата асуджэння: 29 сакавiк 1934 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Тройка Калегіі АДПУ па БССР
  • Прысуд: 3 гады ссылкі
  • Месца адбывання: Казахстан

  • Дзе і кім арыштаваны: Казахстан
  • Дата арышту: 1936 г.
  • Дата асуджэння: 9 студзень 1937 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Спецкалегія Казахскага аддзялення Вярхоўнага суда РСФСР
  • Прысуд: 10 гадоў ППЛ

  • Дата асуджэння: 11 снежань 1937 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Камісія НКУС СССР і Пракурора СССР
  • Прысуд: ВМП

Біяграфія

Карл Лупіновіч.jpg

Карл Аляксандр Карлавіч Лупіновіч — каталіцкі святар, удзельнік беларускага хрысціянскага руху.

Нарадзіўся 14 ліпеня 1891 у мяст. Докшыцы Мінскай губерні. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. У 1914 г. скончыў Мітрапалітальную духоўную семінарыю ў Пецярбургу. 3 1914 па 1917 г. вучыўся ў Петраградскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. 3 восені 1914 г. быў членам беларускага гуртка студэнтаў акадэміі. У 1915 годзе прыняў сакрамант пасвячэння. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя ў Мінску. Прымаў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця. Выступаў перад вернікамі з беларускімі казаннямі. У 1919 г. выконваў абавязкі пробашча магілёўскага касцёла Св. Казіміра.

10 кастрычніка 1919 г. біскуп Ян Цепляк выдаў кс. Лупіновічу прадпісанне здаць справы магілёўскаму дэкану і накіравацца ў Гомель, дзе ён павінен быў заняць пасаду гомельскага пробашча і дэкана. Але выезд кс. Лупіновіча ў Гомель зацягнуўся. 10 студзеня 1920 г. біскуп Цепляк прызначыў кс. Лупіновіча ўжо не пробашчам, а вікарыем у гомельскі касцёл, выпісаўшы на яго імя пасведчанне. Пасля нядоўгага побыту ў Гомелі ў маі 1920 г. кс. Лупіновіч выехаў у Жлобін як капелан жлобінскай капліцы антушаўскай парафіі. У ліпені 1921 г. ён быў прызначаны вікарыем маскоўскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1922—1923 гг. — адміністратар рэчыцкай парафіі Мазырска-Рэчыцкага дэканата. 3 1924 г. працаваў пробашчам касцёла святых Пятра і Паўла ў Маскве, абслугоўваў таксама капліцу ў Разані. 3 1926 — генеральны вікарый Маскоўскага дэканата.

20 лютага 1929 г. арыштаваны ў Маскве па падазрэнні ў шпіянажы і ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі. Неўзабаве быў вызвалены, даўшы падпіску аб супрацоўніцтве з органамі ДПУ, пра якую паведаміў біскупу Пію Невё. 18 лютага (паводле іншых звестак, у ноч на 16 лютага) 1931 г. быў зноў арыштаваны. 18 лістапада 1931 г. пастановай калегіі АДПУ прыгавораны на падставе арт. 58-6,10 і 11 КК РСФСР да трох гадоў высылкі ў Казахстан. У снежні 1933 годзе арыштаваны ў высылцы і этапаваны ў Мінск для прыцягнення да следства «за шпіянаж». 29 сакавіка 1934 г. пастановай «тройкі» калегіі АДПУ па БССР прыгавораны да трох гадоў высылкі ў Казахстан. У чэрвені 1936 г. быў зноў арыштаваны і 9 студзеня 1937 г. пастановай спецкалегіі Казахскага аддзялення Вярхоўнага суда РСФСР прыгавораны да 10 гадоў ППЛ. 11 снежня 1937 г. па пастанове камісіі НКУС прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны.