Мядзёлка Паўліна Вінцэнтаўна (1893)
- Дата нараджэння: 12 верасень 1893 г.
- Месца нараджэння: Віленская губ., Вілейскі павет (Мінская вобл., Мядзельскі раён), мяст. Будслаў
- Пол: жанчына
- Адукацыя: вышэйшая
- Прафесія / месца працы: Выкладчыца беларускай мовы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі
- Месца пражывання: БССР, г. Мінск
- Дата смерці: 13 люты 1974 г.
- Месца смерці: БССР, Мінская вобл., Мядзельскі раён, мяст. Будслаў
- Дзе і кім арыштаваны: ДПУ БССР
- Дата арышту: 18 лiпень 1930 г.
- Абвінавачанне: Справа "Саюз вызвалення Беларусі"
- Прысуд: высылка
- Месца адбывання: РСФСР, г. Казань
Біяграфія
Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка — беларуская артыстка, педагог, мемуарыстка.
Нарадзілася 12(24) верасня 1893 года ў мястэчку Будслаў Вілейскага пав. Віленскай губ. (цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Скончыла Глыбоцкае царкоўнапрыходскае вучылішча. З 1907 у Рызе, вучылася на вячэрніх курсах для дарослых. З 1909 у Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер. Зблізілася з віленскім беларускім і сацыялістычным рухамі. Увосень 1912, пасля сканчэння гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914.
У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм'еры п'есы Я. Купалы.
Падчас 1-ай сусветнай вайны ў эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 у Петраградзе сакратар Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 працавала ў Кіеве (Саюз гарадоў). У кастрычніку 1917 па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў в. Жорнаўка Ігуменскага пав. Пасля таго, як у сакавіку 1918 школа была закрыта, перабралася ў Мінск. Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. З 1918 выступала ў друку з вершамі. З вясны 1919 інспектар беларускіх школ, кіраўнік Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне. 20.7.1919 арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газеты «Родны край» (Гродна), дзе, дарэчы, і друкавалася. З пачатку 1920 у Мінску, кіравала беларускай жаночай школай.
Зноў арыштавана разам з мужам Т. Грыбам польскімі ўладамі ў маі 1920. Перад наступленнем Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Вронкі на Пазнаншчыне.
Пасля вызвалення накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на «ўсходнія крэсы». Па падробленых дакументах выехала ў Вільню, потым (у лютым 1921) трапіла ў Літву. У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Друкавалася ў газеце «Сялянская доля». З восені 1921 па прапанове Ц. Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне.
У 1922 пераехала ў Латвію, выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). У маі 1924 арыштавана латышскімі ўладамі разам з іншымі выкладчыкамі. Апраўдана судом у красавіку 1925.
22.5.1925 разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта. У 1927—1930 гадах выкладала беларускую мову ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.
Арыштавана ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; выслана ў Казань.
З восені 1932 выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Будслаў, дзе да 1958 года працавала настаўніцай. У Будславе напісала свой найбольш значны твор — мемуары «Сцежкамі жыцця», якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 (асобным выданнем выйшлі ў 1974; ч. 2 надрукавана ў 1993). Заслужаны дзеяч культуры БССР (1966).