Пецюкевіч Мар'ян Язэпавіч (1904)

Крыніца: westki.info
  • Дата нараджэння: 24 верасень 1904 г.
  • Імя па-руску: Петюкевич Марьян Иосифович
  • Варыянты імя: Пецюкевіч Марыян Язэпавіч
  • Месца нараджэння: Ковенская губ., Новааляксандраўскі павет (Віцебская вобл., Браслаўскі раён), в. Цяцеркі
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: Выкладчык беларускай мовы эвакуяванага Магілёўскага Медыцынскага інстытута
  • Дата смерці: 13 верасень 1983 г.
  • Месца смерці: Польшча, г. Торунь
  • Мера стрымання: Арышт, Лукішская турма
  • Дата арышту: 1 студзень 1945 г.
  • Дата асуджэння: 19 сакавiк 1945 г.

  • Дата арышту: 27 сакавiк 1949 г.
  • Прысуд: высылка
  • Месца адбывання: РСФСР, Краснаярскі край, Ужурскі раён

  • Дата арышту: 31 лiпень 1952 г.
  • Прысуд: 25 гадоў пазбаўлення волі
  • Месца адбывання: г. Варкута
  • Дата вызвалення: сакавiк 1957 г.

Біяграфія

Мар'ян Пецюкевіч з братам Генрыкам. Крыніца: westki.info

Марыян (Мар'ян) Язэпавіч Пецюкевіч — беларускі этнограф, педагог і мемуарыст.

Нарадзіўся 24 верасня 1904 г. у сям'і малазямельнага селяніна-каталіка ў в. Цяцеркі (Новааляксандраўскі павет, Ковенская губерня, цяпер Браслаўскі раён, Віцебская вобласць). Пачатковую адукацыю атрымаў у Шаўлянскім народным вучылішчы і самастойна. Пасля Першай сусветнай вайны з дапамогай беларускіх ксяндзоў В. Шутовіча і А. Станкевіча трапіў у Віленскую беларускую гімназію, прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху, пасля вучыўся Радашковіцкай беларускай гімназіі (да 1928). Паспрабаваў выехаць для вучобы ў Прагу. Пры нелегальным пераходзе мяжы затрыманы. Адпраўлены служыць у польскае войска. Пасля службы ў войску паступіў на гуманітарны факультэт Універсітэце Стэфана Баторыя, дзе вывучаў этнаграфію, археалогію, славістыку і ў 1938 атрымаў ступень магістра філасофіі.

Злева: Язэп Малецкі, Мар'ян Пецюкевіч, студэнты Універсітэта Сцяпана Батуры ў Вільні. Крыніца: westki.info

Яшчэ падчас вучобы ўладкаваўся на працу ў бібліятэцы Інстытута Усходняй Еўропы (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), меў доступ да спецфондаў, сярод якіх былі выданні з БССР. Дапамагаў многім віленскім беларусам знаёміцца з забароненымі ў Польшчы выданнямі. Быў членам Беларускага студэнцкага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага навуковага таварыства. У 1930—1935 — першы рэдактар часопісу «Шлях моладзі», змяшчаў у ім свае творы пад псеўданімам Марвіч, пры канфіскацыях нумароў часопіса двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці, некалькі разоў быў пакараны грашовымі штрафамі. На грамадскіх пачатках супрацоўнічаў з Беларускім музеем імя І. Луцкевіча.

Пасведчанне аб тым, што Мар'ян Пецюкевіч з'яўляўся сябрам Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры. Крыніца: westki.info

Пасля заняцця Вільні Чырвонай Арміяй падчас паходу ў Заходнюю Беларусь (1939), М. Пецюкевіч — рэдактар беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваючы абавязкі дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), а з Пасля перадачы Вільні Літве, з кастр. 1940 — дырэктар Беларускага музея імя І. Луцкевіча. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пераехаў на нейкі час у вёску. Скончыў настаўніцкія курсы ў Вільні, працаваў павятовым інспектрам асветы ў Ашмянах. Потым выкладаў беларускую мову ў эвакуіраваным з Магілёва ў Новую Вільню Медыцынскім інстытуце. Арыштаваны савецкімі ўладамі 1.1.1945; утрымліваўся ў Лукішскай турме. Вызвалены 19.3.1945.

Даведка аб высылцы ў савецкі лагер. Крыніца: westki.info

Пасля 2-й сусветнай вайны жыў на вёсцы і працаваў з сям'ёй на гаспадарцы ў Неменчынку на Віленшчыне. Быў абраны старшынёй Ажулаўскага сельскага савета на Віленшчыне. 27.3.1949 разам з сям'ёй (жонкай і дзвюма дачкамі) арыштаваны і сасланы ва Ужурскі раён Краснаярскага края. Працаваў у калгасе імя Жданава пчалаводам. 31.7.1952 паводле Пастановы Генеральнага пракурора ЛітССР арыштаваны, дастаўлены ў Вільнюс і асуджаны за «нацыяналізм» да 25 гадоў пазбаўлення волі. У канцы сак. 1953 адпраўлены ў Варкуту. У 1957 пасля перагляду справы быў вызвалены, па рэпатрыяцыі пераехаў у Польшчу, куды ўжо раней выехалі яго жонка і дачка. Дзякуючы дапамозе прафесараў-этнолагаў Казіміра Машынскага і Марыі Знамяроўскай-Прыферовай, з 1959 уладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел акруговага музея г. Торунь, адкуль выйшаў на пенсію ў ліст. 1970.

У Польшчы Марыян Пецюкевіч, хоць жыў у Торуні, быў звязны з беларускім рухам на Беласточчыне. Дзейнічаў у навуковым гуртку БГКТ, апрацаваў «Апытальнік да народнага адзення, абутку і аздоб», выдадзены БГКТ у 1959. Шмат увагі ў сваёй дзейнасці ўдзяляў вывучэнню народнай культуры беларусаў Беласточчыны, правёў этнаграфічныя экспедыцыі на Сакольшчыне і Гайнаўшчыне. Хацеў арганізаваць Беларускі музей у Польшчы. Як сведка і ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху супрацоўніцаў з гісторыкамі Юрыем Туронкам і Аляксандрай Бергман. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб'яднання «Белавежа».