Саковіч Юльян (1906)

  • Дата нараджэння: 24 жнiвень 1906 г.
  • Месца нараджэння: Віленская губ., Ашмянскі павет (Гродзенская вобл., Смаргонскі раён), фальв. Баўдары
  • Пол: мужчына
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Партыйнасць: Член КПЗБ
  • Дата смерці: 13 чэрвень 1943 г.
  • Месца смерці: Лідская акруга (Гродзенская вобл., Шчучынскі раён), мяст. Васілішкі

  • Дата арышту: 1939 г.
  • Дата вызвалення: 1941 г.

Біяграфія

[12(24).08.1906, фальварак Баўдыры Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. — 13.06.1943, мяст. Васілішкі Лідскай акругі, цяпер Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), бел. грамадска-паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. З сярэдзіны 1920-х г. — сябра падпольнага камсамола, пазней — Камуністычнай партыі Зах. Беларусі. Упершыню арыштаваны польскімі ўладамі ў снеж. 1925; яго справа была ўзнята ў польскім Сейме паслом Юрыем Сабалеўскім. Прымаў удзел у дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У другой палове 1920-х г. вучыўся на агранома ў Віленскім універсітэце, быў сябрам незалежніцкага Беларускага студэнцкага саюза і Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. У 1929 за пракамуністычную дзейнасць быў выключаны на год з шэрагаў БСС. У ліп.—снеж. 1929 разам з Г.Вялецкім выдаваў у Вільні студэнцкі час. «Вольная думка». На працягу 1930-х г. неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі; у 1933 праходзіў на судовым працэсе разам з іншымі кіраўнікамі Таварыства беларускай школы. Асуджаны на 3 гады зняволення. Некаторы час пакаранне адбываў у Бяроза-Картузскім канцлагеры. Увосень 1939 С. быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Вызваліўся ў пачатку нямецкай агрэсіі. У жн. 1941 арыштаваны на Смаргоншчыне польскай паліцыяй, якая знаходзілася на службе ў нямецкіх акупантаў. Пасля вызвалення працаваў у Мінску начальнікам адміністрацыйнага аддзела Беларускай народнай самапомачы, камендантам гарадской паліцыі. Арганізатар антынацысцкага бел. нацыянальнага падполля, сябра ЦК Беларускай незалежніцкай партыі, кіраўнік Мінскага акруговага камітэта БНП, лідэр падпольнай арганізацыі «Беларуская народная грамада». У жн. 1942 — маі 1943 — кіраўнік БНС ў Мінскай акрузе. Летам 1942 увайшоў у штаб па фармаванні вайсковых аддзелаў Беларускай самааховы, якая ў крас. 1943 была распушчана акупацыйнымі ўладамі. За публічныя пратэсты супраць нямецкіх рэпрэсій над мірным насельніцтвам быў высланы на Лідчыну, дзе быў забіты польскай тэрарыстычнай групай.