Сахараў Сяргей Пятровіч (1880)

Saharov Sergei.jpg
  • Дата нараджэння: 29 верасень 1880 г.
  • Варыянты імя: Сахаров Сергей Петрович
  • Месца нараджэння: Віцебская губерня (Віцебская вобл.), г. Полацк
  • Пол: мужчына
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Месца пражывання: ЛССР, г. Рыга
  • Дата смерці: 22 красавiк 1954 г.
  • Месца смерці: ЛССР, г. Рыга

  • Дата арышту: 9 лiпень 1945 г.
  • Абвінавачанне: Антысавецкая агітацыя
  • Прысуд: 5 гадоў ППЛ
  • Месца адбывання: КССР, лагер Карабас; КССР, лагер Батык;
  • Дата вызвалення: 1950 г.

Біяграфія

Сяргей Пятровіч Сахараў — беларускі фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог.

Нарадзіўся 29 верасня 1880 у Полацку. Скончыў Полацкае духоўнае вучылішча (1895), Віцебскую духоўную семінарыю (1901). Настаўнічаў у Люцынскім павеце і ў Люцыне. У 1906 годзе апублікаваў першы запісаны ім народны твор «Лютинская легенда о старом замке».

У 1907—1911 вучыўся на юрыдычным факультэце Юр'еўскага (Тартускага) універсітэта, адначасова слухаў лекцыі на гісторыка-філалагічным факультэце. З 1911 выкладаў у Віцебску ў гімназіях і настаўніцкім інстытуце, адначасова працаваў сакратаром Віцебскай архіўнай камісіі. У 1913 прызначаны інспектарам народных вучылішчаў у Юр'еве. У 1917 годзе Сахараву давялося шмат павандраваць па Беларусі ў пошуках працы (Пінск, Барысаў, Мінск, Магілёў). З кастрычніка 1917 дырэктар Люцынскай рускай гімназіі. З 1921 старшыня беларускага грамадскага культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына». З пачатку 1922 жыў у Рызе. Кіраўнік беларускага аддзела Міністэрства асветы Латвіі. Пасля ліквідацыі ў 1925 беларускага аддзела дырэктар Дзвінскай беларускай гімназіі.

У 1932 гімназія ліквідавана, а С. Сахараў адпраўлены на пенсію. Пераехаў у Рыгу, актыўна заняўся гісторыка-літаратурнай працай, запісваў беларускі фальклор Латгаліі. З 1935 да 1938 зрабіў гісторыка-статыстычнае апісанне «Православные церкви в Латгалии» (па заданні сінода Латвійскай Праваслаўнай Царквы) і даследванне «Народная творчасць латгальскіх і лукстэнскіх беларусаў». У 1940 вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці, працаваў у беларускіх і рускіх школах.

Арыштаваны 9 ліпеня 1945. Абвінавачваўся ў «антысавецкай агітацыі» і інш. Асуджаны да 5 гадоў ППЛ. Пакаранне адбываў у лагерах Карабас і Батык (Казахстан). Вярнуўся ў Латвію ў 1950 без права пражывання ў Рызе. Памёр 22 красавіка 1954 г. у Рызе.