Славін Ілля Венедыктавіч (1883)

Славін Ілля.jpg
  • Дата нараджэння: 1883 г.
  • Імя па-руску: Славин Илья Венедиктович
  • Месца нараджэння: Магілёўская губ., мяст. Ціхінічы
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: габрэй
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: прафесар Ленінградскага юрыдычнага інстытута
  • Месца пражывання: РСФСР, г. Ленінград, бульв. Прафсаюзаў, д. 6, кв. 19
  • Партыйнасць: Член УсеКП(б) (1920-1937)
  • Дата расстрэлу: 20 люты 1938 г.
  • Месца смерці: РСФСР, г. Ленінград

  • Дата арышту: 4 лiстапад 1937 г.
  • Дата асуджэння: 20 люты 1938 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Выездная сесія Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР у г. Ленінградзе
  • Прысуд: ВМП

  • Крыніцы дадзеных: Адкрыты спіс

Рэпрэсаваныя сваякі

Жонка: Славіна Эсфір Ісаакаўна (1885)

Біяграфія

Славіны Ілля і Эсфір, Харкаў, 1910 г.

Ілля Венедыктавіч Славін нарадзіўся ў 1883 годзе ў мястэчку Ціхінічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі ў беднай габрэйскай сям'і. Бацькі марылі даць сваім дзецям адукацыю, каб тыя маглі вырвацца з "межаў аседласці". З маленькім Іллём займаліся дома, у 11 гадоў ён паступіў у павятовую вучэльню, потым - на працу ў аптэку, пасля гэтага пераехаў у Харкаў і быў прыняты вольным слухачом у мясцовы ўніверсітэт з умовай здачы экзаменаў за курс гімназіі экстэрнам.

У 1911 годзе ён скончыў юрыдычны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта. Да таго часу ўжо восемь гадоў Ілля Славін быў членам габрэйскай Сацыял-дэмакратычнай працоўнай партыі "Паалей-Цыён". Працу па юрыдычнай спецыяльнасці ён пачаў у Магілёве памочнікам прысяжнага паверанага. Аднак ужо ў 1913 годзе Славін быў пазбаўлены практыкі на год за ўдзел у зямельнай спрэчцы сялянскай абшчыны і памешчыка, трактаванага губернатарам Магілёва як "заклік да захопу памешчыцкай зямлі".

З пачаткам Першай сусветнай вайны Славін быў запрошаны ў Петраград працаваць у юрыдычным аддзеле Яўрэйскай акраіннай кансультацыі па аказанню дапамогі ахвярам вайны. Пасля рэвалюцыі на непрацяглы час вярнуўся ў Магілёў, дзе стаў старшынём губернскага суда.

Ілля Славін з дзецьмі, Масква, 1927 г.

З 1921 года Ілля Славін з жонкай Эсфір і старэйшым сынам пераехалі ў Маскву, дзе ён удзельнічаў над стварэннем першага крымінальнага кодэкса РСФСР. Тады ж ён уступіў у партыю. У 1921 годзе ў сям'і Славіных нарадзілся дачка Іда. У 1920-я гады Ілля Славін вёў актыўную навуковую і выкладчыцкую працу, у 1923 годзе арганізаваў Вышэйшыя юрыдычныя курсы для судовых работнікаў, вёў курсы па савецкім праве ў вучэбных установах Камінтэрна, публікаваўся ў юрыдычных часопісах, быў навуковым супрацоўнікам Інстытута савецкага права.

Летам 1929 года Славін быў пераведзены ў Ленінградскі інстытут савецкага будаўніцтва і права. Жыў у Ленінградзе ў Доме Саветаў (гатэль "Асторыя"), а ў канцы 1930 года пераехаў з сям'ёй у дом №6 на бульвары Прафсаюзаў.

З 1930 года Славін - прафесар Камуністычнай акадэміі. У 1933 годзе ён атрымаў для даследавання тэму навуковай працы "Перарабленне свядомасці вязняў лагераў АДПУ". Неаднаразова ездзіў у камандыроўкі на беламора-балтыйскі канал, канал Масква-Волга, на Калыму. Тэрміны здачы працы пераносіліся, таму яна так і не была напісана. Пасля роспуску Камуністычнай акадэміі ў 1936 годзе Славіну, як і некаторым іншым яе супрацоўнікам, была прызначана ступень кандыдата навук без абароны дысертацыі, захавана званне прафесара, ён быў прыняты ў штат новага Інстытута дзяржавы і права АН СССР. У верасні 1937 года Ленінградскае аддзяленне інстытута было зачынена, амаль усе супрацоўнікі арыштаваныя.

Іда Іллінічна Славіна ўзгадвае пра гэтыя дні: "А тады, дзевяцікласніца, я не заўважала згушчэння хмараў. Ужо былі арыштаваныя ўсе яго таварышы па акадэмічным Інстытуце дзяржавы і права. Бацька застаўся на волі адзін. Ленінградскае аддзяленне інстытута было зачынена. Ужо ў вучэбным інстытуце не засталося нікога з кіраўніцтва. Ужо прайшоў партыйны сход, на якім выключалі з партыі яго калег, а ён, адзіны, не выступіў з выкрываннем, а, наадварот, горка сказаў: "Я адчуваю сябе палітычным банкротам".

Ілля Венедыктавіч Славін быў арыштаваны ў ноч з 4 на 5 лістапада 1937 года. Напярэдадні яго выклікалі ў гаркам, дзе прапанавалі заняць пасаду дырэктара Юрыдычнага інстытута замест арыштаванага Ундрэвіча. Па ўспамінах Іды Іллінічны "бацька цалкам спакойны, павесялеўшы, вярнуўся дамой: "Мяне не возьмуць"". 4 лістапада Славіны адзначалі 16-годдзе Іды, Ілля Венедыктавіч быў неверагодна вясёлы, будаваў планы на лета.

Іда Іллінічна піша пра арышт і вобшук: "... Амаль трагікамічная сцэна. Бейгель (аператыўнік НКУС) патрабуе, каб я прынесла свой падручнік 9 класа па нямецкай мове. Затым, акцёрствуючы (відавочна, гэта паўтараецца ў розных хатах, дзе ёсць дзеці майго ўзроста), Бейгель адшуквае ў канцы падручніка артыкул Карла Радэка. Да таго часу Радэк ужо быў арыштаваны, але яшчэ не асуджаны і ў “ворагах народа” у друку не праходзіць (прысуд Карлу Радэку вынесены 30 студзеня 1937 года). Эфектным жэстам Бейгель вырывае гэтую старонку з падручніка, падпальвае яе і вяшчае голасам благароднага героя: “Кажы дзякуй, што рэчавы доказ знішчаны, і цябе разам з бацькам не забіраю”. Я пепрапужана і разгублена маўчу. Затое бацька ўпершыню парушыў маўчыню, вымаўляе каротка: “Дзякуй” (няўжо паверыў фарсу і ўявіў, што пагроза рэальная?)”.

12 красавіка 1938 года арыштавалі Эсфір Славіну. Шаснаццацігадовая Іда адна працягвала стаяць у чэргах да вакенца на Шпалернай 25: “Вось я працягваю грошы. “Славін Ілля Венедыктавіч?”, - перапытаў таўсцяк і тлуста засмяяўся. І я пабачыла зразумелы без перакладу жэст уздзёргвання пятлі вакол шыі. Я не вымавіла ні гуку, але рухнула, страціўшы прытомнасць, тут жа, каля вакенца, парушыўшы мерны рух чаргі. Таўсцяк высунуўся ў вакенца і пракрычаў: “Ды гэта не Ілля Венедыктавіч, а Ілля Ізраілевіч! Гэта іншы Славін. А твайму бацьку далі 10 гадоў без права перапіскі”. Але ўсё гэта мне ўжо распавядалі жанчыны з чаргі, якія паднялі мяне, вывелі на вуліцу, прывялі ў прытомнасць. Як хацелася верыць у міражы, падманвацца! Але ж гэты тлусты энкэвэдэшнік, не ведаю чаму, казаў мне тады праўду!”.

Будынак, у якім пражывала сям'я Славіных да арышту

Адбылося гэта роўна праз два месяца пасля расстрэла Іллі Венедыктавіча. Ілля Славін быў прыгавораны да расстрэла Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суда СССР і расстраляны ў той жа дзень 20 лютага 1938. Праз 17 гадоў, у 1955 годзе, ён быў рэабілітаваны тым жа ворганам, што вынес яму смяротны прысуд. Пасля арышту маці, Іда хлапатала за абодвух бацькоў, пісала запыты, заявы, была на прыёме ў Калініна. Жыла Іда спачатку ў кватэры класнага кіраўніка, потым, па тыдні, у розных сем’ях аднакласнікаў (па просьбе дырэктара школы). У 1939 годзе паступіла ў педагагічны інстытут ім. Герцэна на літаратурны факультэт, была эвакуяваная ў Краснаярскі край, а затым у Новасібірск, дзе сустрэлася з вызваленай з лагера маці. Школьны педагог Эсфір Ісаакаўна Славіна правяла ў Карлагу восем гадоў.

У выдадзенай у 2006 годзе маленькім тыражом у 100 экзэмпляраў кнізе “Тоненькі нерв гісторыі” Іда Славіна падрабязна аналізуе і каментуе архіўную следчую справу бацькі, разбіўшы тэкст на раздзелы: “Першы допыт”, “Як ён змагаўся”, “Галоўныя дзеючыя асобы”, “За мяжой пратакола” і інш. Вось як яна тлумачыць сваё памкненне да такой дэтальнай рэканструкцыі гэтых трагічных падзей: “Сёння, калі рускі фашызм разам з камуністамі ўсё больш нахабна ўздымае галаву, і ўсё можа вярнуцца зноўку, нельга маўчаць”.

У 2017 годзе на будынку, дзе жыў Ілля Венедыктавіч Славін была ўсталявана мемарыяльная шыльда праекта “Апошняя адрэса”.