Хрышчановіч Уладзімір Іванавіч (1876)

Абраз новамучаніка Уладзіміра Хрышчановіча
  • Дата нараджэння: 1876 г.
  • Імя па-руску: Хрищенович Владимир Иванович
  • Месца нараджэння: Віленская губерня, Лідскі павет, Беліцкая воласць, вёска Гязгалы (цяпер Гродзенская вобласць, Дзятлаўскі раён, вёска Гязгалы)
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Сацыяльнае паходжанне: сялянскае
  • Адукацыя: сярэдняя спецыяльная адукацыя
  • Прафесія / месца працы: святар Мінскай епархіі
  • Месца пражывання: сяло Горкі Старадарожскага р-на Слуцкай акругі (цяпер вёска Старадарожскага раёна Мінскай вобласці)
  • Дата расстрэлу: 1933 г.
  • Дата смерці: 1933 г.

  • Дата арышту: 27 снежань 1932 г.
  • Абвінавачанне: антысавецкая агітацыя
  • Дата асуджэння: 12 люты 1933 г.
  • Орган, які вынес прысуд: "Тройка"
  • Артыкул: 72, 76 УК БССР
  • Прысуд: расстрэл
  • Дата рэабілітацыі: 28 сакавiк 1989 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Пракуратура Мінскай вобласці БССР

Біяграфія

Уладзімір Іванавіч Хрышчановіч нарадзіўся ў 1876 г. у вёсцы Гязгалы Беліцкай воласці Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.), у сям'і сялян.

Працаваў на сельскай гаспадарцы, у 1911 г. скончыў Слуцкую духоўную вучэльню. Накіраваны на псаломшчыцкае служэнне ў Мікольскі храм сяла Горкі Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Старадарожскага р-на Мінскай вобл.).

У 1930 г. Уладзімір рукапакладзены ва іерэі епіскапам Слуцкім Мікалаем (Шамяціла). Працягнуў служэнне ў тым жа храме сяла Горкі, таксама праводзіў набажэнствы ў суседнім сяле Языль (цяпер аграгарадок Старадарожскага р-на Мінскай вобл.), дзе на той час вакантным было месца святара.

27 снежня 1932 г. айца Уладзіміра арыштавалі з нагоды наступнага выказвання падчас пропаведзі: «Браты! Гасподзь стварыў чалавека, і ў Яго волі зрабіць з ім, што захоча; трэба слухаць Бога і вераваць у Яго, хадзіць у царкву і маліцца Богу; адзінае наша ўратаванне – Гасподзь». На святара, псаломшчыка, царкоўнага старасту і некалькіх прыхаджан была заведзена групавая справа пад назвай справа «клірыкаў і міран царквы Праабражэння Гасподня с. Языль, 1932 г.».

З няволі спаведнік пісаў наступнае: «Дарагая, даражэйшая жонка і дзеці! Спяшаюся павіншаваць вас з Новым годам, з новым шчасцем. Дай Бог перанесці вам усе нягоды і скрухі ад злых людзей і пастак нячыстага, што паўстаў знішчыць нас. Усявышні не дапусціць гэтага і дапаможа перанесці нам усе цяжары крыжа. Прашу вас не забываць Бога, ад Якога залежыць усё». Гэтыя радкі былі напісаныя спехам 13 студзеня 1933 г. Дахаты яны не патрапілі, як не дайшоў да айца Уладзіміра ліст яго жонкі, напісаны на паўмесяцы раней. Іх ліставанне было справакавана органамі НКУС, каб знайсці дадатковыя «доказы» супраць святара.

«Дарагі Валодзя! Дзякуючы Усявышняму мы ўсе жывыя і здаровыя, таго і табе жадаем. Віншуем цябе з наступаючым Новым годам. Аб нас не хвалюйся. Напішы мне ўсё падрабязна, а менавіта: за што ты абвінавачваешся і аб чым цябе дапытваюць... Можа быць, табе патрэбныя валёнкі або ватныя нагавіцы, то я пастараюся даслаць...» (30 снежня 1932 г.). У тым жа лісце матушка Сафія паведамляе аб цудоўным яўленні: «Калі я ехала ў Слуцк, мне распавялі наступнае: з купала Урэцкай царквы выкаціўся клубок полымя і па паветры пераляцеў за мястэчка на аэрапланную станцыю, дзе прыпыніўся. Тады быў тэрмінова выкліканы полк салдат, які хацеў быў страляць, але не вырашыўся. Нейкі салдат падышоў да полымя і пабачыў, што замест яго паказалася па пояс жанчына, якая сказала вайскоўцу: «Калі мяне ўдарыш, то я цябе ўдару». Салдат агаліў шашку, а тая жанчына кінула ў яго гарачымі вуголлямі і знікла. Пасля чаго салдата ўзялі і накіравалі ў шпіталь. Гэты факт несумнеўны».

12 лютага 1933 г. без суда і следства святар Уладзімір Хрышчановіч быў асуджаны да растрэлу. Сям’я айца Уладзіміра была сасланая на Поўнач.

28 сакавіка 1989 рэабілітаваны Пракуратурай Мінскай вобласці. 28 кастрычніка 1999 г. іерэй Уладзімір Хрышчановіч кананізаваны ў ліку мясцова шануемых святых пастановай Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. У 2000 г. на Юбілейным Архіерэйскім Саборы РПЦ па прадстаўленні Беларускага Экзархата айцец Уладзімір унесены ў лік навамучанікаў і спаведнікаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання.

Vadzim Urubleuski (размовы) 18:55, 29 кастрычніка 2017 (MSK)