Цікота Андрэй Феліксавіч (1891)
- Дата нараджэння: 1891 г.
- Імя па-руску: Цикото Андрей
- Месца нараджэння: Віленская губ., Свенцянскі павет, маёнтак Тупаліцына
- Пол: мужчына
- Адукацыя: вышэйшая духоўная
- Прафесія / месца працы: Адміністратар католікаў усходняга абрада, г. Харбін (Маньчжурыя)
- Дата смерці: 11 люты 1952 г.
- Месца смерці: Чукша, Асобы лагер № 7, шпіталь №38
- Месца пахавання: РСФСР, Іркуцкая вобл., г. Брацк, лагерныя шпітальныя могілкі
- Дзе і кім арыштаваны: Маньчжурыя, г. Харбін
- Мера стрымання: г. Чыта
- Дата арышту: 22 снежань 1948 г.
- Абвінавачанне: Арганізацыя тэрарыстычнай групоўкі ў ліцэі Святога Мікалая ў Харбіне; антысавецкая агітацыя; шпіянаж на карысць Ватыкана і Японіі
- Дата асуджэння: 28 верасень 1949 г.
- Артыкул: 58-6-1; 58-4; 58-11 КК РСФСР
- Прысуд: 25 гадоў ППЛ
- Месца адбывання: Тайшэт, Ангарлаг; Чукша; РСФСР, Іркуцкая вобл., Шыткінскі раён, Лагпункт Нова-Чунка
- Крыніцы дадзеных: Ахвяры палітычнага тэрора ў СССР (База дадзеных);
Біяграфія[дадаць інфармацыю]
Андрэй Цікота — беларускі рэлігійны дзеяч, каталіцкі святар усходняга абраду.
Нарадзіўся 5 снежня 1891 года у Свянцянскім павеце Віленскай губерніі (зараз тэрыторыя Літвы). У школе вучыўся ў Ашмянах, затым у Віленскай рыма-каталіцкай семінарыі (1909 – 1913 гг.), Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбурзе (1913-1917). Падчас вучобы ў семінарыі і акадэміі ўдзельнічаў у працы беларускіх студэнцкіх гурткоў.
13 чэрвеня 1913 года Андрэй Цікота быў высвечаны на святара. У 1917 г. вяртаецца ў Беларусь, святарыць у Маладзечна, Вілейцы, Будславе. Ён актыўна далучаецца да грамадскага жыцьця, у 1917 годзе ўдзельнічае ў 1-ым з'ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску, з'яўляецца сябрам Саюзу ксяндзоў-беларусаў. У 1918 годзе працаваў прафесарам у Менскай духоўнай семінарыі. У гэтым жа годзе ён абіраецца ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Падчас польска-савецкай вайны бальшавікі бралі Андрэя Цікоту ў закладнікі, але яму пашанцавала і яго выпусьцілі.
У 1920 годзе Андрэй Цікота ўступае ў Ордэн айцоў марыянаў. У 1924 годзе ў Друі пры фінансавай дапамозе Магдалены Радзівіл ён засноўвае мужчынскі манастыр марыянаў і жаночы манастыр Сясцёр Служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарыстак). У 1933 годзе а.Андрэй Цікота быў абраны генеральным суперыёрам Ордэну айцоў марыянаў і жыве падчас выканання абавязкаў генерала закону ў Рыме. Ён становіцца рэлігійным дзеячом міжнароднага маштабу. У 1939 годзе а.Андрэй Цікота быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для ўніятаў Маньчжурыі і выехаў на місію.
22 снежня 1948 быў арыштаваны кітайскай камуністычнай міліцыяй і 25 снежня разам з чатырма іншымі сьвятарамі быў перададзены савецкім органам. З 27 сьнежня знаходзіўся ў папярэднім зьняволеньні ў Чыце, паводле сьведчаньняў, паводзіў сябе на сьледзтве мужна, падвяргаўся катаваньням. Прыклад а. Андрэя Цікоты заахвоціў аднаго з сьвятароў адмовіцца ад адрачэньня ад Бога і Царквы, да якога яго вымусіў сьледчы. Падчас допытаў у Чыцінскай турме архімандрыту Андрэю Цікоту прапаноўвалі перайсьці ў праваслаўе, але ён катэгарычна адмовіўся ад гэтага. Пазьней савецкія ўлады, ведаючы яго вялікі духоўны аўтарытэт і здольнасьці, прапанавалі яму пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкану Каталіцкай Царквы. Не зважаючы на моцна падарванае ў турэмных умовах і ў выніку допытаў здароўе архімандрыт Цікота рашуча адкінуў гэтую правакацыйную прапанову.
28 верасьня 1949 архімандрыт Андрэй Цікота быў завочна абвінавачаны ў арганізацыі тэрарыстычнае групоўкі ў ліцэі Сьвятога Мікалая ў Харбіне, антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысьць Ватыкану і Японіі па арт. 58-6 ч. 1, 58-4, 58-11. Яму і ўсім харбінскім місіянэрам прысудзілі 25 гадоў зьняволеньня ў лягеры. Праз Іркуцк яго накіравалі ў “Ангарлаг”, спачатку у Тайшэт на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Адтуль 19 студзеня 1950 яго забралі і перавезьлі ў Чукшу. З красавіка 1951 ён адбываў пакараньне ў лягпункце Нова-Чунка Шыткінскага р-ну Іркуцкай вобласьці. З чэрвеня 1951 яго зноў вярнулі адбываць пакараньне ў Тайшэт. Увесь гэты час у ён быў цяжка хворы, а перад сьмерцю, паводле ўспамінаў іншых зьняволеных, пазбаўлены мэдычнае дапамогі.
Памёр у зьняволеньні 11 лютага 1952 у шпіталі № 38 (Чукша, 2-і аддзел) асобага лягеру № 7 «Озерлагу» (для палітвязьняў). Пахаваны на шпітальных лягерных могілках у ваколіцах Брацку Іркуцкай вобласьці.[6] Магіла была пазначана простым калком і сёньня яе знайсьці практычна немагчыма. Афіцыйная прычына сьмерці — спыненьне сардэчнай дзейнасьці пры агульнай інтаксікацыі арганізму, выкліканай тубэркулёзным мэнінгітам.