Чарнушэвіч Нічыпар Фёдаравіч (1900)

Нічыпар Чарнушэвіч
  • Дата нараджэння: 14 лiстапад 1900 г.
  • Варыянты імя: Тодаравіч
  • Месца нараджэння: Мінская губерня, Слуцкі павет (Мінская вобласць), мяст. Капыль
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: слухач Вышэйшых навукова-педагагічных курсаў пры 2-м Маскоўскім універсітэце
  • Дата смерці: 18 люты 1967 г.
  • Месца смерці: БССР, г. Мінск
  • Месца пахавання: Беларусь, г. Мінск, усходнія могілкі

  • Дзе і кім арыштаваны: ДПУ БССР
  • Дата арышту: 27 сакавiк 1930 г.
  • Абвінавачанне: Удзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі "Саюз вызвалення Беларусі"
  • Дата асуджэння: 10 красавiк 1931 г.
  • Прысуд: 5 гадоў ссылкі
  • Месца адбывання: РСФСР, г. Вятка
  • Дата рэабілітацыі: 19 верасень 1960 г.

Рэпрэсаваныя сваякі

Брат: Чарнушэвіч Мікалай Фёдаравіч (1904)

Біяграфія

Чарнушэвіч Нічыпар Тодаравіч нарадзіўся 14 лістапада 1900 у мястэчку Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер гарадскі цэнтр у Мінскай вобласці), у сялянскай сям’і.

Атрымаў пачатковую адукацыю, навучаўся ў духоўнай вучэльні, настаўнічаў на Кіеўшчыне (па іншых звестках у Траянаўскім земскім народным вучылішчы на Капыльшчыне). У 1920–1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі, быў камандзірам роты, трапіў у палон пад Варшавай, затым вярнуўся ў Беларусь. У 1924–1929 гг. навучаўся на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ, паралельна працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”, прымаў удзел у дзейнасці літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. У 1929–1930 гг. – слухач Вышэйшых навукова-педагагічных курсаў пры 2-м Маскоўскім універсітэце. Вясной 1930 г. быў арыштаваны па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. 10 красавіка 1931 г. прыгавораны да 5 гадоў ссылкі ў г. Вятка. У 1931–1935 гг. займаў кафедру біяфізікі ў мясцовым інстытуце, з’яўляўся супрацоўнікам газеты «Вятская правда» (пазней «Кировская правда»). У жніўні 1935 г. абвінавачанні былі зняты. У 1935–1941 гг. выкладаў гісторыю ў сярэдніх школах № 379 і 395 Масквы. У кастрычніку 1941 г. эвакуіраваўся ў г. Цюмень, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты «Тюменская правда». З 1947 г. жыў у Мінску. Працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, начальнікам планавага аддзела Белсельгасзабеспячэння, выкладчыкам гісторыі ў Мінскай афіцэрскай школе, старшым інжынерам трэста папяровай прамысловасці, на Беларускім тэлебачанні. Канчаткова рэабілітаваны 19.09.1960 г. Памёр 18 лютага 1967 г.

Першыя творы надрукаваў у 1923 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў вершаў «Дзіва» (1927), «Нясу надзею» (1962), «Гаворка дум» (1966), «Выбраныя вершы» (1975), п'ес «Шукальнікі вышыні», «Сям'я доктара Чыверса», кінасцэнарыя «Арсенал пачуццяў».

Успаміны

Успаміны Міколы Улашчыка пра перыяд 1930-1932 гг. у жыцці Нічыпара Чарнушэвіча:

“Нічыпар Чарнушэвіч ужо незадоўга да смерці ў Мінску расказаў пра першы год свайго жыцця ў Вятцы. Ён быў арыштаваны ў лютым 1930 г. у Маскве, дзе вучыўся на педолага-педагагічных курсах. Гэтыя курсы зусім не вабілі яго, але настаўніцкая работа ў Бярэзіне так не падабалася яму і так было прывабна жыць у Маскве, што ён быў згодзен на якія хаця курсы. У універсітэце Нічыпар у нашай групе (ды і наогул) быў самы адукаваны, гэта значыцца, ён адзіны ўмеў чытаць па-англійску, а скончыўшы пачаў чытаць літаратуру па фізіцы. Можна думаць, што такое навучанне давала мала эфекту, але ўсе астатнія з сацыяльна-гістарычнага аддзялення не ведалі і гэтага. Але нават і гэта невялікае багацце ў Вятцы надта прыдалося. Калі Нічыпар выйшаў на волю, то ў яго, пэўна, было некалькі рублёў і ніадкуль дапамогі. Трэба было разлічваць толькі на сябе, і ён пайшоў шукаць работу. Скрозь казалі, што непатрэбен, і так ён дайшоў да Ветэрынарнага інстытута, дзе запытаў (здаецца, так) ці не патрэбен ім дворнік (дворніку абавязкова давалася кватэра, што было вельмі важна). Пасля некаторай размовы з малым начальнікам яго павялі да дырэктара (рэктараў у той час не было). Там размова прыняла нечаканы характар. Дырэктара перш за ўсё ўразіла, калі ён даведаўся, што чалавек, які просіць работы дворніка, чытае па-англійску. Пасля высветлілася, што Нічыпар штось ведае з фізікі. Канец размовы быў фантастычны: яму прапанавалі заняць кафедру біяфізікі ў інстытуце. Зараз гэта здаецца фантастыкай, але ў 1931 г., калі адчыняліся ці не сотні новых інстытутаў, а шмат хто з кваліфікаваных працаўнікоў паехаў будаваць Беламорканал ці сеч лес, працаўнікоў востра не ставала, а фізіка такі ж фізіка, а не філасофія ці гісторыя. Нічыпар засаромеўся, але дырэктар сказаў, што прызначае на пасаду з сённяшняга дня, з сённяшняга дня будзе плаціць яму, а зараз выдасць аванс, парэкамендуе, дзе жыць. Адмаўляцца было недарэчна, і Нічыпар згадзіўся. .У той самы дзень заняў добры пакой, а на другі дзень пайшоў у бібліятэку, дзе і засеў. У Вятцы ў той час была адна з самых лепшых абласных бібліятэк, чытаць было што, было даволі і часу, таму што быў пачатак чэрвеня, а заняткі весці трэба было з верасня. Год (так казаў сам Нічыпар) ён спаў 3 – 4 гадзіны, але аўладаў ведамі ў сваёй галіне ў такім памеры, што цалкам задавальняў і студэнтаў, і дырэкцыю. Але вясною 1932 г. стаў адчуваць сябе кепска. Пайшоў да дактароў. Агледзеўшы і паставіўшы яго на рэнтген, дактары сказалі, што жыць засталося 2-3 месяцы. На гэтым сказаліся не толькі шалёныя заняткі, але і 11 дзён галадоўкі ў Мінску. За год працы набралася даволі багата грошай. Работу трэба было пакінуць. Гаспадыня штодня купляла хвораму чвэрць (3 літры?) малака, якое парыла ў печы, і 200 грамаў масла. Рана Нічыпар піў літр малака, кінуўшы туды 100 грамаў масла, і ішоў за горад, дзе ляжаў або сядзеў у лесе або ў лузе. Днём ішоў дахаты, піў яшчэ літр з маслам, абедаў, клаўся паляжаць, а ўвечары ізноў ішоў за горад (зразумела, калі не было дажджу). Мінулі прызначаныя 2 месяцы, хворы жыў, мінуў яшчэ і яшчэ месяц, хворы жыў, дзівячы дактароў, і так пражыў яшчэ 35 гадоў, заставіўшы дзвюх дачок”.

Успаміны Міколы Чарнушэвіча пра юнацкія гады брата (у падачы Мікалая Улашчыка):

“У 13-14 гадоў Нічыпар быў надта набожны і збіраўся пайсці ў манахі. Поп (пэўна ж, капыльскі) адгаварыў яго ад гэтага і параіў пайсці вучыцца ў духоўнае вучылішча, каб пасля перайсці ў семінарыю, а летам 1915 г. гэта вучылішча, чакаючы прыходу немцаў, выехала (здаецца, так) у Калугу. Там Нічыпар дачакаўся рэвалюцыі, вучылішча было зачынена, да таго часу зніклі і набожныя настроі, і Нічыпар нейкім чынам апынуўся на Украіне, на Кіеўшчыне, дзе стаў настаўнікам “на сэлі”. У той час Украіна была ахоплена нацыянальным рухам, новы настаўнік скора аўладаў украінскай мовай і стаў гарачым прыхільнікам украінскага руху. Там прайшоў год ці два, настрой у Нічыпара змяніўся, ён стаў спачуваць бальшавікам, у 1919 ці 1920 г. уступіў у Чырвоную Армію і праз некаторы час стаў камандзірам роты. З-пад Кіева дайшоў да Варшавы, дзе трапіў у палон. З палону выбраўся ў 1922 г. і прыйшоў у Капыль у той кароткай ватоўцы з жоўтай пасмай на рукаве, якую ў першую вайну немцы давалі палонным і якія засталіся ў Польшчы. Адно рукаво гэтага мундзіра было адарвана, і ў Нічыпара наогул быў выгляд калі не басяка, то нечага падобнага, але ў той час такіх бедалагаў хадзіла нямала і на іх асабліва і не дзівіліся”.

Vadzim Urubleuski 20:38, 5 кастрычніка 2018 (MSK)

Крыніцы

Улашчык, М. Выбранае /М. Улашчык. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2001. С. 421-422.