Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч (1859)

Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч
  • Дата нараджэння: 4 верасень 1859 г.
  • Варыянты імя: Эпимах-Шипила Бронислав Игнатьевич
  • Месца нараджэння: Віцебская губерня, Лепельскі павет, фальв. Судзіловічы (Віцебская вобл., Полацкі раён, в. Будзькаўшчына)
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Сацыяльнае паходжанне: шляхецкае
  • Адукацыя: вышэйшая
  • Прафесія / месца працы: Старшыня камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы
  • Месца пражывання: БССР, г. Мінск
  • Дата смерці: 6 чэрвень 1934 г.
  • Месца смерці: РСФСР, г. Ленінград

  • Дзе і кім арыштаваны: ДПУ БССР
  • Мера стрымання: арышт
  • Дата арышту: 18 лiпень 1930 г.
  • Абвінавачанне: Справа "Саюз вызвалення Беларусі"
  • Дата вызвалення: 12 верасень 1930 г.

Біяграфія[дадаць інфармацыю]

ЭПІМАХ-ШЫПІЛА Браніслаў Ігнатавіч [крыптанім: Б.Э.-Ш.; 4(16).9.1859, фальварак Судзіловічы Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер в. Будзькаўшчына Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 6.6.1934, Ленінград], мовазнавец, літаратуразнавец, фалькларыст, выдавец. У 1871—80 вучыўся ў Аляксандраўскай гімназіі ў Рызе. У 1880—86 на гісторыка-філалагічным ф-це Пецярбургскага ун-та; кандыдат філалогіі. Зарабляў прыватнымі ўрокамі, працаваў памочнікам рэдактара «Журнала Министерства путей сообщения». З 1891 памочнік бібліятэкара, потым бібліятэкар у бібліятэцы Пецярбургскага ун-та. Быў сапраўдным членам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. На пачатку XX ст. стаў на чале бел. культурнага руху ў Пецярбургу. Яго дом быў асяродкам і месцам збору нацыянальна арыентаванай бел. моладзі. У 1906 стварыў бел. выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1913 пачаў друкавацца ў бел. выданнях. У 1916 удзельнічаў у падрыхтоўцы «Меморыі прадстаўнікоў Беларусі на ІІІ канферэнцыі народаў» (Лазана). Склаў першую хрэстаматыю бел. літаратуры. У 1924 абраны правадзейным членам Інбелкульта. Пераехаў у Мінск у 1925. Працаваў рэдактарам, з 1927 старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. У 1929 перадаў у БелАН асабістую бібліятэку з 5 тыс. тамоў. Арыштаваны ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; на яго кватэры праведзены вобыск. Знаходзіўся ў зняволенні да 12.9.1930. Вымушаны пакінуць Мінск; выехаў у Ленінград, дзе і памёр.

Тв.: Дзесяць боскіх прыказанняў: [Верш] // Беларус. 1913, 8 жн.; Беларуская мова ў гімназіі // Вольная Беларусь. 1917, 30 кастр.

Літ.: Станкевіч А. Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы. Вільня, 1935; Семашкевіч Р. Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Мн., 1968; Яго ж. Янка Купала і Эпімах-Шыпіла // Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982; Возвращенные имена; БП, т. 6; АЗБ; Браніслаў Эпімах-Шыпіла: чытанні [у Ветрына], прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння... [Тэксты дакладаў] // На шляхах да ўзаемаразумення. Мн., 2000. С. 253—255.