Адкрыты спіс:Пошук у архівах
Калі вам вядома, што хтосьці з вашай сям’і быў рэпрэсаваны ў савецкі час, вы можаце даведацца падрабязнасці справы, звярнуўшыся з запытам у адпаведныя архівы. Гэта не патрабуе ад вас спецыяльных высілкаў – на першым этапе можа быць дастаткова аднаго электроннага паведамлення альбо ліста.
Нягледзячы на тое, што згодна з беларускім заканадаўствам, доступ да архіўных дакументаў праз 75 гадоў павінен прадастаўляцца неабмежавана, у КДБ і дзяржаўных архівах патрабуюць дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва з шукаемым чалавекам. Таму трэба загадзя падрыхтаваць копіі альбо сканы ўсіх дакументаў (напрыклад, пасведчанні пра нараджэнне, пра шлюб). У выпадку, калі сваяцтва не з’яўляецца блізкім, доступ да архіўных справаў можа быць ускладнены.
Звяртацца варта як у дзяржаўныя органы па месцы пражывання (арышту) рэпрэсаванага, так і месцы ссылкі (турэмнага зняволення). Калі ссылка адбывалася ў рэгіёны Расійскай Федэрацыі, раім прачытаць парады на рускай версіі нашага сайта.
Куды звяртацца
Дзяржаўныя архівы
Распачаць пошук можна з дзяржаўных архіваў, у якіх ёсць базы дадзеных рэпрэсаваных. Адказ будзе ўяўляць архіўную даведку, дзе ўказаны нумар справы і месца яе захавання.
На сайце Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь ёсць спецыяльныя старонкі, праз якія можна даслаць такі запыт:
Звярнуцца можна таксама і ў адпаведны абласны архіў з папяровым альбо электронным запытам, пералічыўшы ўсё вядомае пра рэпрэсаваную асобу і прыклаўшы дакументы пра сваяцтва.
Калі адказ з архіваў адмоўны, можна ажыццявіць самастойны пошук па фондах мясцовых органаў улады тых часоў (сельсавета, райвыканкама, аблвыканкама і г.д.), альбо замовіць платны пошук спецыялістамі архіва.
Інфармацыйныя цэнтры абласных упраўленняў Міністэрства ўнутраных спраў
У выпадку, калі ваш сваяк быў раскулачаны, дакументы могуць захоўвацца ў абласных архівах Міністэрства ўнутраных спраў. Адпаведную архіўную даведку можна атрымаць, звярнуўшыся ў інфармацыйныя цэнтры МУС праз іх сайты, ці заказным лістом.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі
Справы тых, хто быў зняволены, сасланы, расстраляны на падставе рашэнняў суда альбо троек, звычайна захоўваюцца ў архівах КДБ. Таму можна пісаць запыты ў абласныя ўпраўленні КДБ па месцы пражывання, арышту і адбыцця пакарання рэпрэсаванага. У выніку такога запыту будзе складзена архіўная даведка на рэпрэсаванага, альбо прыйдзе афіцыйны адказ пра адсутнасць інфармацыі пра яго.
Калі вам дакладна вядома месца захавання і нумар справы рэпрэсаванага, неабходна напісаць запыт у сваё мясцовае аддзяленне КДБ з просьбай азнаёміцца са справай. Для гэтага трэба быць блізкім сваяком і дакументальна пацвердзіць сваё сваяцтва.
У выніку такога запыту вас запросяць для азнакамлення са справай, падчас якога можна прасіць скапіраваць альбо сфатаграфаваць дакументы ў справе, вярнуць асабістыя рэчы рэпрэсаванага і фотаздымкі.
Прыклад запыту
/Назва дзяржаўнай установы/
/Прозвішча, імя, імя па бацьку/
/Адрас пражывання/
Я, /Прозвішча, імя, імя па бацьку заяўніка/, звяртаюся з мэтай пошуку інфармацыі пра майго /ступень сваяцтва/ (дакументы прыкладаю), які меркавана быў рэпрэсаваны/раскулачаны органамі савецкай улады ў ______ годзе.
Паведамляю, што /Прозвішча, імя, імя па бацьку рэпрэсаванага/ нарадзіўся /дата, месца нараджэння/, перад арыштам пражываў /горад (адрас) пражывання/, працаваў /месца працы, пасада/.
У выпадку, калі крымінальная справа /Прозвішча, імя, імя па бацьку/ знаходзіцца на захаванні ў /Назва установы/, прашу скласці архіўную даведку па матэрыялах гэтай справы, уключаючы біяграфічныя дадзеныя, склад сям’і, інфармацыю пра адукацыю, вайсковую службу, працу, партыйнасць. Пры складанні архіўнай даведкі прашу ўлічыць інфармацыю з пратаколаў допытаў. На правах блізкага сваяка прашу прадаставіць мне ўсе фотаздымкі, лісты і асабістыя рэчы, якія маюцца ў справе, а таксама копіі дакументаў.
Дата
Подпіс / Расшыфроўка подпісу
Пералік прыкладзеных дакументаў:
1. Ксеракопія пасведчання пра нараджэнне …
2. Ксеракопія пасведчання пра шлюб …