Галадзед Вера Сцяпанаўна (1900)

  • Дата нараджэння: 11 студзень 1900 г.
  • Варыянты імя: Голодед Вера Степановна
  • Месца нараджэння: Віленская губерня (Гродзенская вобл.), г. Ліда
  • Пол: жанчына
  • Нацыянальнасць: беларуска
  • Сацыяльнае паходжанне: сялянскае
  • Адукацыя: сярэдняя
  • Прафесія / месца працы: хатняя гаспадыня
  • Месца пражывання: БССР, г. Мінск, Другі дом Саветаў, кв. 8

  • Дата арышту: 28 чэрвень 1937 г.
  • Абвінавачанне: Жонка ворага народа
  • Дата асуджэння: 28 лiстапад 1937 г.
  • Орган, які вынес прысуд: Асобая нарада пры НКУС СССР
  • Артыкул: 24-68, 76 КК
  • Прысуд: 8 гадоў ППЛ
  • Дата рэабілітацыі: 12 травень 1956 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР

Рэпрэсаваныя сваякі

Муж: Галадзед Мікалай Мацвеевіч (1894)

Біяграфія

Галадзед Мікалай Мацвеевіч з Верай Сцяпанаўнай, дачкой Валянцінай і сынам Леанідам, 1934 г.

Успаміны дачкі, Беляковай Валянціны Мікалаеўны

... Маці вярнулася ў Мінск, каб забраць на кватэры якія-небудзь рэчы, бо мы засталіся без сродкаў на існаванне. Праз паўгадзіны, як яна пераступіла парог кватэры, яе аршытавалі. Бацькі да таго часу ўжо не было ў жывых. Чатыры месяцы маму трымалі ў адзіночцы, дзе яна была ў вельмі цяжкім стане, бо здароўе ў яе заўсёды было кепскае. Потым два месяцы - у агульнай камеры, але тут ужо, як гавораць, "на миру и смерть красна". Потым - лагер, куды выслалі таксама вялікую групу жонак беларускіх наркомаў. Вельмі падтрымала маму жонка намесніка Наркома замежных спраў СССР Мікалая Мікалаевіч Крэсцінскага, якая гаварыла: "Вера Сцяпанаўна, вазьміце сябе ў рукі, трэба жыць, бо не можа быць, каб гэта ўсё так засталося. Мы з мужам прайшлі царскія турмы, цяпер вось свае пасадзілі, але без сілы духу, без веры ў справядліваць вытрымаць нельга".

У лагеры было вельмі многа рэпрэсіраваных грузінак - жонак дзяржаўных і палітычных дзеячаў рэспублікі. Дык вось, яны дапамагалі астатнім згушчаным малаком, якое ім дасылалі з Грузіі цэлымі скрынкамі іх родзічы. Да таго ж у пасылках былі і кнігі. Гэта вельмі падтрымлівала маму і іншых зняволеных, якіх выратавала ўзаемадапамога. Зняволенне мамы доўжылася з 28 чэрвеня 1937 года па 28 чэрвеня 1945 года. А потым яшчэ цэлы год так званага вольнага пасялення: работа на фабрыцы пад наглядам у той жа мясцовасці...

Паводле: Л. Крушынская. Праўду адстаяць здолеў... // Літаратура і мастацтва, №31 (3441), 29.07.1988 г.