Ярашэвіч Міканор Казіміравіч (1885)

  • Дата нараджэння: 11 лiпень 1885 г.
  • Варыянты імя: Ярашэвіч Ніканор Казіміравіч
  • Месца нараджэння: у м. Нова-Сьвержань Менскага павету і губ.
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус

  • Дата арышту: 9 сакавiк 1921 г.
  • Дата асуджэння: 18 лiстапад 1922 г.
  • Дата рэабілітацыі: 8 снежань 1995 г.
  • Орган, які рэабілітаваў: Пракуратурай Менскай вобл.

Біяграфія

ЯРАШЭВІЧ Міканор Казімеравіч, нар. 11.07.1885 у м. Нова-Сьвержань Менскага павету і губ., беларус, зь сялян, нам. рэктара Беларускага політэхнічнага ін-ту, г. Менск. Арыштаваны 21.03.09. Асуджаны 22.11.18 пастановай НКВД СССР і Пракурора СССР за а/с агітацыю паводле арт. 60 КК БССР на 2 гады высылкі, г. Тайшэт. 95.12.08 справа пераглядалася Пракуратурай Менскай вобл. КГБ РБ 36730-с

Нар. 11(24).7.1885 у мяст. Новы Свержань Мінскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл. Бел. грамад­ска-паліт. дзеяч, аграном, педагог, верагодна, брат І.Ярашэвіча. З бел. сялянскай сям’і. Скончыў Глухаўскі настаўніцкі (1910) і Маскоўскі сельскагаспадарчы (1912) інстытуты. У час вучобы ў Маскве ўваходзіў у склад бел. студэнцкага гуртка, дасылаў лісты ў газ. «Наша ніва». Працаваў аграномам, чытаў лекцыі па аграноміі ў навучальных установах Мінскай, Смаленскай і Харкаўскай губ. Удзельнік 1-й сусветнай вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 адзін з кіраўнікоў Мінскай губернскай земскай управы. У пачатку сак. 1918 у складзе мінскай земскай групы кааптаваны ў Раду БНР, аднак 25.3.1918 разам з іншымі прадстаўнікамі земстваў, гарадскога самакіравання і нацыянальных меншасцей выйшаў з яе складу ў знак нязгоды з прыняццем Трэцяй Устаўнай граматы. Адзін з аўтараў праекта стварэння ў Мінску ун-та. У час польска-савецкай вайны 1919—20 узначаліў Мінскую губернскую земскую ўправу, выкладаў у Мінскім політэхнічным вучылішчы. 18.9.1919 у час прыезду ў Мінск Ю.Пілсудскага пры сустрэчы апошняга з грамадскасцю ў памяшканні былога Мінскага дваранскага сходу адзіны, хто выступіў з публічным пратэстам супраць польскай акупацыі краю, заявіў, што «палякам няма чаго шукаць у Беларусі». Ва ўмовах польскай акупацыі і фактычнай перамогі бальшавікоў у грамадзянскай вайне падтрымліваў утварэнне суверэннай Беларускай рэспублікі. У пачатку 1920-х г. у складзе «ра­сійскай сацыялістычнай групы» беспаспяхова ўдзельнічаў у выбарах у Мінскі гарадскі магістрат. З аднаўленнем савецкай улады ў ліст. 1920 прызначаны першым рэктарам новаўтворанага Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ), адначасова выкладаў у Мінскім інстытуце народнай адукацыі (МІНА), Бел. рабочым тэхнікуме, выконваў абавязкі загадчыка аддзела наркамата асветы БССР. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага вольна-эканамічнага таварыства. Выступаў супраць т.зв. прымусовай беларусізацыі, быў прыхільнікам паступовага пераводу выкладання ў навучальных установах Беларусі на бел. мову. У канцы 1920 — пачатку 1921 намагаўся аднавіць дзейнасць эсэраўскай арганізацыі «абласнікоў». Арыштаваны 9.3.1921. Абвінавачваўся ў антысавецкай дзейнасці. Дзякуючы заступніцтву 38 выкладчыкаў БПІ, МІНА і Беларускага рабочага тэхнікума праз 2 месяцы вызвалены (паводле іншых звестак 18.11.1922 асуджаны за «антысавецкую агітацыю» да 2 гадоў пазбаўлення волі; вызвалены 28.3.1924). У другой палове 1920-х г. працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це, Інстытуце ірыгацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі Узбекскай ССР. Пасля чарговага арышту ў 1930 выселены разам з сям’ёй з Ташкента ў сельскую мясцовасць, але ў 1933 зноў дазволена вярнуцца назад. У 1937 арыштаваны за «шпіянаж на карысць замежных разведак» і прыгавораны да 10 гадоў ППК. Паводле слоў жонкі, знаходзіўся ў адным з пунктаў Краснаярскага канцлагера НКВД. Загінуў у зняволенні. Па першай справе (№ 36730-с; захоўваецца ў ар­хіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны пракуратурай Мінскай вобл. 8.12.1995.