Азбукін Мікалай Васільевіч (1894)
- Дата нараджэння: 1894 г.
- Месца нараджэння: г. Бабруйск
- Пол: мужчына
- Нацыянальнасць: беларус
- Сацыяльнае паходжанне: дваранскае
- Адукацыя: вышэйшая
- Прафесія / месца працы: Сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства; першы рэдактар часопіса «Наш край»
- Дата смерці: 24 лiстапад 1943 г.
- Дата арышту: 21 лiпень 1930 г.
- Абвінавачанне: Удзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі "Саюз вызвалення Беларусі"
- Дата асуджэння: 10 красавiк 1931 г.
- Артыкул: 58-4, 7, 10, 11 КК РСФСР
- Прысуд: 5 гадоў ссылкі
- Месца адбывання: г. Налінск
- Дата рэабілітацыі: 15 лiстапад 1957 г.
- Крыніцы дадзеных: Ахвяры палітычнага тэрора ў СССР (База дадзеных)
Біяграфія
Мікалай Васільевіч Азбукін - беларускі географ, краязнавец, публіцыст, дзеяч беларускага нацыянальнага руху.
Нарадзіўся ў 1894 г. у Бабруйску. Паходзіў з сям’і патомных дваранаў. У 1912—17 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Пасля сканчэння вучобы выкладаў геаграфію і прыродазнаўства ў Бабруйскай гімназіі. Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, член камітэта Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску.
Падчас польскай акупацыі ў 1919 арыштаваны.
Восенню 1920 стаў дырэктарам бабруйскай школы імя Я.Купалы. Увесну 1921 зноў арыштаваны ўжо савецкімі ўладамі па падазрэнні ў прыналежнасці да партыі беларускіх эсэраў.
З 1921 працаваў у Мінску: у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, у Інстытуце беларускай культуры, з 1929 на кафедры геаграфіі БелАН. У кнізе «Географія Эўропы» трактаваў Беларусь як самадастатковую краіну. Адзін з галоўных арганізатараў краязнаўчага руху ў Беларусі, сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, першы рэдактар часопіса «Наш край». У пачатку 1928 у БССР існавала ўжо 301 краязнаўчая арганізацыя, якія аб’ядноўвалі 10510 чалавек.

Імклівае пашырэнне краязнаўчага руху, глыбока патрыятычнага па сутнасці, выклікала занепакоенасць камуністычных уладаў, і на краязнаўцаў абрынуліся рэпрэсіі. Азбукін быў арыштаваны 21.7.1930 па абвінавачанні ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі» і па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Налінск на 5 гадоў.
Ёсць звесткі, што зноў быў асуджаны ў 1937 (?). Загінуў у 1943 у зняволенні.
Паводле сведчання Ю.Бібілы, расстраляны 24.11.1943 нібыта за спробу перайсці мяжу на поўдні СССР. Рэабілітаваны 15.11.1957 Вярхоўным судом БССР.