Кудзелька Міхаіл Сымонавіч (1896)

Кудзелька Міхаіл Сымонавіч (1896).jpg
  • Дата нараджэння: 7 лiстапад 1896 г.
  • Варыянты імя: Куделко Михаил Семенович, Міхась Чарот
  • Месца нараджэння: Мінская губерня, Ігуменскі павет (Мінская вобласць, Пухавіцкі раён), мяст. Рудзенск
  • Пол: мужчына
  • Нацыянальнасць: беларус
  • Сацыяльнае паходжанне: сялянскае
  • Адукацыя: сярэдняя
  • Прафесія / месца працы: Загадчык літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР
  • Месца пражывання: БССР, г. Мінск, вул. Ленінская, д. 35, кв. 1
  • Партыйнасць: член УсеКП(б) з 1920 г.
  • Дата расстрэлу: 29 кастрычнiк 1937 г.
  • Месца смерці: БССР, г. Мінск, турма НКУС

  • Дзе і кім арыштаваны: БССР, г. Мінск, вул. Ленінская, д. 35, кв. 1
  • Дата арышту: 24 студзень 1937 г.
  • Абвінавачанне: агент польскай выведкі
  • Дата асуджэння: 28 кастрычнiк 1937 г.
  • Прысуд: ВМП з канфіскацыяй маёмасці
  • Дата рэабілітацыі: 8 снежань 1956 г.

Рэпрэсаваныя сваякі

Жонка: Дадыка Ефрасіння Тарасаўна (1903)
Стрыечныя браты/сёстры: Кудзелька Іван Фадзеевіч (1891), Кудзелька Іосіф Фадзеевіч (1894)

Біяграфія

Міхась Чарот (сапр. Кудзелька Міхаіл Сымонавіч) — беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся 7 лістапада 1896 г. у мястэчку Рудзенск (зараз Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Першую адукацыю атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскім двухгадовым вучылішчы. У 1913—1917 гг. вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск, дзе прайшлі два апошнія гады навучання М. Чарота. Пасля сканчэння вучобы, быў мабілізаваны ў армію. Вясной 1918 г. вярнуўся ў Мінск, дзе пачаў настаўнічаць у беларускай школе, паступіў у педагагічны інстытут. У 1924 вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі.

Спяваў у хоры У. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», быў старшынёй тэатральнай суполкі «Маладзік», выконваў ролі ў трупе Уладзіслава Галубка. У 1923 г. удзельнічаў у стварэнні літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (уладальнік яго пасведчання № 1), з якога выйшаў у канцы 1927. Некаторы час быў членам аб'яднання «Полымя», затым уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

У 1919 член Белнацкама і створанай пры ім Ваеннай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920 утварылася з членаў «Маладой Беларусі». У 1920 г. уступіў у УсеКП(б). З 1920 г. супрацоўнік, у 1925—1929 гг. рэдактар газеты «Советская Белоруссия». У 1922—1924 кандыдат у члены, у 1924—1931 член ЦВК БССР. У 1927 па камандзіроўцы Наркамасветы разам з Ц. Гартным і М. Зарэцкім пабываў у Латвіі, Германія, Францыі і Чэхаславакі. У 1927 годзе быў у праўленні Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам.

У 1930-я працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). У Мінску жыў па адрэсе: вул. Ленінская 35, кв. 1. Быў двойчы жанаты, меў чатырох дзяцей.

У момант масавых арыштаў творчай інтэлігенцыі ў 1930-31 гг. па справе "Саюз вызвалення Беларусі", апублікаваў верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…», у якім асуджаў фігурантаў справы за нацдэмаўшчыну:

Чаго хацелі вы? Якое мелі права
Крывёю гандляваць працоўных Беларусі?
Прыйшла на вас суровая расправа,
Перад судом віну прызнаць прымусім.
(…)
Вы прытаіліся пад венікам, як мышы,
Каб зноў паўзьці на вольныя загоны,
Вы марылі ўзабрацца на ўзвышша
I дыктаваць драпежныя законы.
Наш сьмелы крок — узвышша затраслося,
Законы піша дыктатура працы.

Але 24 студзеня 1937 г. сам быў арыштаваны, адначасова выключаны з УсеКП(б). Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным. Празаік і паэт Масей Сяднёў у сваім рамане «Раман Корзюк» згадаў, як спакутванага М. Чарота свядома спойвалі, каб у непрытомнасці выпытваць новыя імёны «здраднікаў». Пасля допытаў і катаванняў Міхаіл Сымонавіч прызнаў сябе вінаватым. 28 кастрычніка 1937 г. асуджаны паводле арт. 63-1,70, 76 КК БССР як агент польскай выведкі да ВМП. Расстраляны ў Мінскай унутранай турме НКУС 29 кастрычніка 1937 г.

8 снежня 1956 г. рэабілітаваны Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР. Асабістая справа 8153-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Паэт Мікалай Хведаровіч у 1939 годзе знайшоў апошні верш Міхася Чарота, выцарапаны на сцяне адзіночнай камеры мінскай турмы НКУС:

Я не чакаў
i не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў лiхвяры
Мяне зацiснулi за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палi,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вiнаваты!